Ад сёньняшняга дня пачалася грамадзкая 
                      кампанія пратэсту супраць рэгістрацыі Аляксандра Лукашэнкі 
                      ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты. Ініцыятары кампаніі лічаць 
                      сёньняшнюю рэгістрацыю Лукашэнкі незаконнай. 
                     Гаворыць вядомы праваабаронца Гары Паганяйла:  
                    (Паганяйла: ) «Я сёньня зьвярнуўся са скаргай у Вярхоўны 
                      суд Рэспублікі Беларусь на рашэньне Цэнтрвыбаркаму ад 17 
                      лютага гэтага году аб прызнаньні гэтага рашэньня незаконным. 
                      Сутнасьць у тым, што Лукашэнка ня мае права балятавацца 
                      на трэці тэрмін прэзыдэнтам».  
                    У скарзе гаворыцца, што рэфэрэндум, які адбыўся ў 2004 
                      годзе і які скасаваў абмежаваньне прэзыдэнцтва Лукашэнкі 
                      двума тэрмінамі, быў праведзены з грубымі парушэньнямі заканадаўства 
                      і супярэчыць Канстытуцыі. У дакумэнце таксама зазначана, 
                      што Лукашэнка скарыстаў высокую пасаду прэзыдэнта ў сваіх 
                      асабістых мэтах, парушыў прэзыдэнцкую прысягу, у якой абяцаў 
                      «захоўваць і абараняць Канстытуцыю». А паколькі сёньняшняя 
                      рэгістрацыя Лукашэнкі ў якасьці кандыдата адбывалася на 
                      падставе вынікаў згаданага рэфэрэндуму, то такое рашэньне 
                      Цэнтрвыбаркаму, як лічыць спадар Паганяйла, зьяўляецца незаконным: 
                     
                    (Паганяйла: ) «Мы ставім пытаньне пра тое, што Цэнтральная 
                      камісія зарэгістравала ў якасьці кандыдата асобу, якая ня 
                      мае права балятавацца ў прэзыдэнты. Пра гэты сёньня выразна 
                      сказалі практычна абодва прэтэндэнты на пост прэзыдэнта 
                      — і Казулін, і Мілінкевіч».  
                    Мяркуецца, што ініцыятыва пратэсту супраць рэгістрацыі 
                      Лукашэнкі будзе падтрымана шырокай грамадзкасьцю. Гэтаксама 
                      лічыць і праваабаронца Ігар Леднік:  
                    (Леднік: ) «Я лічу, што кожны грамадзянін, які бачыць, 
                      што парушаюцца яго правы як выбаршчыка, мае магчымасьць 
                      у трохдзённы тэрмін накіраваць гэтую скаргу». 
                      
                    Радыё Свабода  |