З кожным разам геаграфія акцыяў у падтрымку 
                      дэмакратычных сілаў Беларусі ў Польшчы і ва ўсёй Эўропе 
                      пашыраецца. Сёньня дэманстрацыі, пікеты, мітынгі і канцэрты 
                      адбыліся прынамсі ў дзесяці польскіх гарадах. У Варшаве 
                      некалькі сотняў пераважна студэнтаў-палякаў, беларусаў, 
                      украінцаў сабраліся ў самым цэнтры, на замкавым пляцы і 
                      потым зь дзесяткамі бел-чырвоных сьцягоў і транспарантаў, 
                      скандуючы «Свабодныя выбары, свабодная Беларусь!», «Беларусь 
                      так, Лукашэнка — не!», «Жыве Беларусь», прайшлі па цэнтральных 
                      вуліцах сталіцы, прымацаваўшы напрыканцы акцыі на адным 
                      з будынкаў вялізны, даўжынёй прынамсі 4 мэтры, бел-чырвона-белы 
                      сьцяг, які будзе вісець там да выбараў.  
                    (Кастэлянец: ) «Мы лічым, што такія акцыі маюць вялікае 
                      значэньне. Палякі ўсё больш цікавяцца тым, што адбываецца 
                      ў Беларусі. Хутка выбары і гэтыя выбары наўрад ці будуць 
                      справядлівымі. Мы ня можам застацца абыякавымі і робім усё, 
                      што можам».  
                    Увечары ўдзельнікі дэманстрацыі мелі магчымасьць паслухаць 
                      канцэрт вядомага беларускага гурту «Нэйра-дзюбель»", 
                      які выступіў у Варшаве зь вядомымі польскімі музыкамі.  
                    Падобныя акцыі — пікеты, канцэрты, дэманстрацыі і мітынгі 
                      — адбыліся ў Кракаве, Познані, Лодзі ды іншых польскіх гарадах. 
                      Пікеты адбыліся ў Бэльгіі, Швэцыі, Чэхіі, Літве ды іншых 
                      кранах. Са Стакгольму гаворыць Алесь Ліцьвінчык:  
                    (Ліцьвінчык: ) «Да нас далучыліся швэдзкія сябры зь Лібэральнай 
                      партыі. Прамаўлялі палітыкі, а таксама прысутныя беларусы. 
                      Гэта ўжо трэці раз акцыя ладзіцца ў Стакгольме».  
                    Арганізатары акцыяў у Эўропе кажуць, што ўжо цяпер пачынаюць 
                      падрыхтоўку да дэманстрацыяў празь месяц — напярэдадні прэзыдэнцкіх 
                      выбараў эўрапейскія акцыі салідарнасьці зь беларускімі дэмакратычнымі 
                      сіламі павінны быць найбольш моцнымі. 
                     
                      Аляксей Дзікавіцкі 
                      Радыё Свабода  
                    На фото: Стокгольм, 16 февраля 2006 
                     |