Як наагул яны ацэньваюць фармулёўку артыкулу
193 Крымінальнага кодэксу, згодна зь якой затрымалі Міколу
Астрэйку, Цімафея Дранчука і Аляксандра Шалайку?
Дырэктар расейскага Інстытуту правоў чалавека, кіраўнік
праграмы «Перасьлед з палітычных матываў у краінах СНД»
Валянцін Гефтэр выказаў наступнае меркаваньне:
(Гефтэр: ) «Мне незразумела, навошта трэба аддзяляць арганізацыі,
якія прайшлі рэгістрацыю, і якія не прайшлі рэгістрацыю.
Ёсьць яшчэ там так званая «гумавая частка» — іншыя дзеяньні,
замах на правы і свабоды. Гэта, безумоўна, неправавая формула,
пад якую можна падставіць усё што заўгодна. Гэтая формула
ва ўмовах беларускага рэжыму можа выкарыстацца супраць любога
няўгоднага».
Гаворыць старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Праваабарончы
альянс», зарэгістраванага ў Вільні, Людміла Гразнова:
(Гразнова: ) «Перш-наперш, гэта страх рэжыму за сваю будучыню,
улады ня ўпэненыя, што яны змогуць захавацца ля стырна ўлады
на доўгі час, і таму яны ўсё робяць, каб запалохаць актывістаў
апазыцыі, перш за ўсё моладзевых лідэраў. Яны ў нас ёсьць,
гэтыя героі, яны сядзяць цяпер у пастарунках, у сьледчым
ізалятары КДБ. І трэба ведаць іх імёны, бо толькі тады,
калі людзі будуць ім спачуваць, мы нешта зможам зрабіць».
Меркаваньне намесьніка старшыні рэспубліканскага грамадзкага
аб’яднаньня «Беларускі Хэльсынскі камітэт» Гары Паганяйлы:
(Паганяйла: ) «У прававой дзяржаве падобныя крымінальныя
дэлікты наагул не павінны мець месца ў Крымінальным кодэксе.
Гэта не злачынныя дзеяньні: выказваньне свайго стаўленьня,
крытыкі. Гэта нармальная апазыцыйная дзейнасьць. Сёньня
гаворка ідзе выключна пра падаўленьне іншадумства любымі
спосабамі і дзеяньнямі. Усё забараняецца. Выбарчая кампанія
праходзіць ва ўмовах нагнятаньня страху».
Радыё Свабода
|