У польскім парлямэнце сёньня была афіцыйна 
                      зарэгістраваная дэпутацкая група «На карысьць салідарнасьці 
                      зь Беларусьсю». 
                     Ініцыятарам стварэньня дэпутацкай групы быў дэпутат ад 
                      Беласточчыны Робэрт Тышкевіч, з другой паводле велічыні 
                      парлямэнцкай фракцыі Сэйму «Грамадзянская плятформа».  
                    Пра гэта было заяўлена ў дзень, калі ў парлямэнце — упершыню 
                      ў паваеннай гісторыі Польшчы прамаўляў беларускі палітык 
                      — кандыдат ад аб'яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар 
                      Мілінкевіч.  
                    Спадар Тышкевіч быў абраны кіраўніком новай дэпутацкай 
                      групы.  
                    (Тышкевіч: ) «Мы вырашылі, што варта, каб у польскім парлямэнце 
                      была адмысловая структурная частка, група дэпутатаў, якія 
                      сачылі б за сытуацыяй у Беларусі, рабілі прапановы парлямэнту 
                      ў справе Беларусі, але і зьвярталіся з ініцыятывамі да польскага 
                      ўраду што тычыцца Беларусі».  
                    Паводле спадара Тышкевіча, сябры дэпутацкай групы зоймуцца 
                      таксама каардынацыяй захадаў парлямэнтароў з суседніх зь 
                      Беларусьсю дэмакратычных краінаў у беларускіх справах — 
                      ужо ў найбліжэйшы час адбудзецца сумесная канфэрэнцыя дэпутатаў 
                      з гэтых краінаў.  
                    Акрамя дэпутатаў ад «Грамадзянскай плятформы» у групу «На 
                      карысьць салідарнасьці зь Беларусьсю» увайшлі таксама прадстаўнікі 
                      фракцыі кіруючай цяпер у Польшчы партыі «Закон і справядлівасьць». 
                      
                    Аляксей Дзікавіцкі 
                      Радыё Свабода 
                     
                     
                      
                     |