Беларуская сытуацыі напярэдадні выбараў 
                      па-ранейшаму ў фокусе ўвагі ўплывовых замежных палітыкаў 
                      і арганізацыяў. 
                     Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Дэвід Крэмер у часе 
                      ўчорашніх сустрэчаў з прадстаўнікамі беларускай улады і 
                      апазыцыі ў Менску заявіў, што ЗША не падтрымліваюць нікога 
                      зь кандыдатаў на беларускага прэзыдэнта, але падтрымліваюць 
                      дэмакратыю і вольны выбар народу.  
                    (Крэмэр: ) «Я спадзяюся, што самаізаляцыя Беларусі закончыцца. 
                      Але гэта не здарыцца, калі падзеі тут будуць разьвівацца 
                      ў няправільным кірунку». 
                    «Сярод 800 мільёнаў эўрапейцаў не стае 10 мільёнаў беларусаў», 
                      заявіў у чацьвер ў часе праскай канфэрэнцыі па пытаньнях 
                      Беларусі Прэзыдэнт ПАРЭ Рэнэ ван дэр Ліндэн.  
                    (ван дэр Ліндэн: ) «Беларусь, гэта адзіная краіна ў Эўропе, 
                      якая не зьяўляецца сябрам Рады Эўропы. Пытаньне ў тым, які 
                      знайсьці спосабы, каб дапамагчы беларусам у іх шляху да 
                      дэмакратыі і павагі да закону і правоў чалавека».  
                    Прэзыдэнтка Латвіі Вайра Віке-Фрэйберга ў чацьвер у інтэрвію 
                      латвійскаму радыё заявіла, што Эўразьвязу трэба гаварыць 
                      з Расеяй для таго, каб знайсьці сумеснае стаўленьне да працэсаў 
                      у Беларусі.  
                    Пра сваё жаданьне прыехаць назіральнікамі за беларускімі 
                      выбарамі заявілі ў сераду дэпутаты Эстоніі. Гаворыць намесьнік 
                      старшыні парлямэнцкай камісіі «У падтрымку дэмакратыі ў 
                      Беларусі» Марка Мікхельсон. 
                    (Мікхельсон: ) «На сёньня мы ўжо маем 14 дэпутатаў, якія 
                      выказалі такое жаданьне. Але сьпіс закрыецца 28 лютага, 
                      і жадаючых будзе больш. Мы спадзяемся, што атрымаем беларускія 
                      візы». 
                    Эўракамісія мае намер ўвесьці пасаду часовага паверанага 
                      ў справах Беларусі. Ім стаў Дэрк Шубэль — кіраўнік аддзелу 
                      палітыкі прадстаўніцтва Эўракамісіі ў справах Украіны і 
                      Беларусі, якое месьціцца ў Кіеве.  
                    Кіраўнік Чэскай амбасады ў Менску Ўладзімір Румл быў выкліканы 
                      ў чацьвер у беларускае МЗС, дзе яму завілі рашучы пратэст. 
                      Напярэдадні беларускае тэлебачаньне у сваім рэпартажы абвінаваціла 
                      чэскую амбасаду ў правядзеньні «падрыўной дзейнасьці» ў 
                      краіне.  
                    Міністар замежных справаў Чэхіі пракамэнтаваў скандал вакол 
                      чэскіх дыпляматаў ў Менску.  
                    (Свобада: ) «Гэта абвінавачаньне адназначна абвяргаю. Тое, 
                      што Беларусь ацаніла як падрыўныя матэрыялы, нішто іншае, 
                      як брашурка з тэкстам, які выпрацавала камісія правоў чалавека 
                      ААН. Беларусь зьяўляецца сябрам гэтай арганізацыі, таму 
                      нашыя дзеяньні ня могуць быць нейкай падрыўной дзейнасьцю». 
                     
                    У нядзелю стартуе новы інфармацыйны праект Эўракамісіі 
                      Window to Europe (Акно ў Эўропу). Гэта будуць адмысловыя 
                      тэле– і радыёпраграмы для Беларусі, якія будуць таксама 
                      дублявацца і ў Інтэрнэце. У размове са Свабодай прэсавая 
                      сакратарка Эўракамісіі Эма Адвін сказала  
                    (Адвін: ) «Гэты новы праект вяшчаньня на Беларусь — ня 
                      ёсьць прапагандай.Гэта шлях да забесьпячэньня інфармацыяй 
                      тых беларусаў, якія хочуць мець доступ да незалежных мэдыяў». 
                      
                    Радыё Свабода 
                      
                     |