Гэта новы праект нямецкай кампаніі Media 
                      Сonsulting. Раней яна перамагла ў тэндэры Эўракамісіі на 
                      арганізацыю незалежнага вяшчаньня на Беларусь. 
                     Таксама напярэдадні стаў вядомы сьпіс прадстаўнікоў беларускіх 
                      дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, якіх мяркуецца пазбавіць 
                      права ўезду ў краіны Эўразьвязу.  
                    Цэнтральны офіс «Эўрапейскага радыё для Беларусi» месьціцца 
                      ў Варшаве. Вось што паведаміў Радыё Свабода яго супрацоўнік 
                      Зьміцер Новікаў.  
                    (Новікаў: ) «Гэта сучасная, разьлічаная на моладзь радыёстанцыя. 
                      Яна будзе працаваць у інфармацыйна-музычным фармаце. Пакуль 
                      наша праграма «Акно ў Эўропу» выходзіць адну гадзіну на 
                      суткі. На сярэдніх хвалях 612 кілягерц ад восьмай да дзевятай 
                      беларускага часу раніцай. Гэта актуальныя навіны зь Беларусі. 
                      А таксама шмат іншай інфармацыі, у тым ліку забаўляльнай. 
                      Праграму можна слухаць у Інтэрнэце на старонцы www.belradio.fm». 
                     
                    А цяпер — да іншай навіны беларускай журналістыкі. На сайце 
                      belpropaganda.freewebsites.com зьвіўся «чорны сьпіс» кандыдатаў 
                      на «нявыезд». Гэта кіраўнікі, рэпарцёры і аглядальнікі галоўных 
                      дзяржаўных тэлеканалаў, а таксама газэтаў «Советская Белоруссия», 
                      «Обозреватель» ды «7 дней». Вось некаторыя прозьвішчы: Азаронак, 
                      Мартыненка, Кавалёва, Чыкін, Зімоўскі, Якубовіч, Кісель, 
                      Пракопаў. У гутарцы з апошнім запытваю ці засмучае яго пэрспэктыва 
                      атрымаць забарону на ўезд у краіны Эўразьвязу?  
                    (Пракопаў: ) «Такіх ініцыятываў было процьма. Наўрад ці 
                      яны мелі плён. Як мне падаецца, гэта нейкі прапагандысцкі 
                      крок».  
                    Па-іншаму ацэньвае сытуацыю незалежны журналіст Віталь 
                      Тарас. Ягоны камэнтар надрукаваны ў апошнім нумары газэта 
                      «Наша Ніва».  
                    (Тарас: ) «Мяркую, што насамрэч кожнаму чалавеку непрыемна 
                      патрапіць у гэты сьпіс. І ня толькі таму, што ён ня зможа 
                      паехаць, нават калі хацеў бы. Сьпіс мае сымбалічнае і асабліва 
                      маральнае значэньне. Такім чынам яны застаюцца ў гісторыі 
                      як антыгероі».  
                    Сёньня і ў чацьвер на расейскім тэлеканале RTV, які працуе 
                      з-за мяжы, адбудзецца паўтор паўгадзіннай беларускай перадачы. 
                      Упершыню яна выйшла ў нядзелю ў 17 гадзінаў. Офіс па падрыхтоўцы 
                      праграмы знаходзіцца ў Кёльне. Партнэрам тэлепраекту зьяўляецца 
                      нямецкая тэлекампанія ZDF. 
                      
                    Радыё Свабода 
                     
                     
                      
                     |