Сёньня вядучыя газэты Польшчы, Чэхіі, Славакіі 
                      і Вугоршчыны надрукавалі карыкатуры Аляксандра Лукашэнкі 
                      на знак салідарнасьці з аўтарамі малюнкаў і мультфільмаў 
                      пра кіраўніка беларускай дзяржавы, якім пагражае турэмнае 
                      зьняволеньне. 
                     «Мы хочам паказаць прэзыдэнту Беларусі, што сьмех — гэта 
                      зброя дэмакраты», — гэтымі словамі пачынаецца тэкст пад 
                      карыкатурамі на Аляксандра Лукашэнку, што надрукаваў сёньня 
                      найбольш масавы польскі штодзёньнік «Gazeta Wyborcza».  
                    Акрамя «Газэты Выбарчай» да акцыі салідарнасьці з аўтарамі 
                      малюнкаў і сатырычных мультфільмаў, далучыліся папулярная 
                      чэская газэта «Lidove Noviny», вугорскі штодзёньнік «Magyar 
                      Hirlap» і вядучая славацкая газэта «Sme» (нагадаем, яе карэспандэнту 
                      беларускія ўлады нядаўна не дазволілі ўезд на тэрыторыю 
                      Беларусі).  
                    У «Газэце Выбарчай» кажуць, што газэта нягледзячы на тое, 
                      што ў Беларусь не пусьцілі і яе карэспандэнта, будзе ўсяляк 
                      змагацца супраць абмежаваньня права на доступ да інфармацыі 
                      ў Беларусі, у тым ліку і празь сьмех, «якога ня любіць і 
                      баіцца кожная дыктатура».  
                    (Стасіньскі: ) «Трэба пратэставаць супраць таго, што адбываецца 
                      ў Беларусі. Нельга пагадзіцца з рэпрэсіямі. Таму мы пратэставалі 
                      і будзем пратэставаць усімі магчымымі спосабамі», — сказаў 
                      Радыё Свабода Пётра Стасіньскі — намесьнік галоўнага рэдактара 
                      «Газэты Выбарчай».  
                    Былыя ўдзельнікі антыкамуністычных рухаў у Польшчы таксама 
                      кажуць, што сьмех можа быць эфэктыўнай зброяй у барацьбе 
                      супраць недэмакратычных уладаў. Гаворыць Генрык Вуец — адзін 
                      са стваральнікаў і лідэраў «Салідарнасьці», які ўжо ў вольнай 
                      Польшчы стаў дэпутатам і міністрам.  
                    (Вуец: ) «Гэта, канечне, вельмі добрая зброя. Ва ўмовах 
                      рэжыму людзям нярэдка цяжка змагацца адкрыта, бо гэта пагражае 
                      турмой ці звальненьнем з працы. У камуністычнай Польшчы 
                      было вельмі шмат палітычных анэкдотаў, зьяўленьне якіх улады 
                      ніяк не маглі спыніць. Ці знаная «памаранчавая альтэрнатыва» 
                      — слова памаранчавы, напэўна, Лукашэнку не спадабалася б 
                      — людзі ў памаранчавых кашулях, пераапранутыя ў строі гномаў 
                      раздавалі мінакам на вуліцы туалетную паперу, а чалавек, 
                      апрануты як міліцыянт — ён называў сябе маёр Фрыдрых — разганяў 
                      гномаў. Так сьмяяліся зь міліцыянтаў, якія разганялі дэманстрацыі. 
                      Такія акцыі, як зрабіла «Gazeta Wyborcza», дапамагаюць зразумець, 
                      што з гэтага дыктатара можна пасьмяяцца".  
                      
                    Аляксей Дзікавіцкі 
                      Радыё Свабода 
                    На фото: карикатура в словацкой газете 
                      «SME» 
                     
                      
                     |