Кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін, 
                      які спрабаваў зарэгістравацца дэлегатам на Ўсебеларускі 
                      сход, быў зьбіты палкоўнікам Дзьмітрыем Паўлічэнкам і затрыманы. 
                      Ня выключана, што на яго завядуць крымінальную справу. Сёньня 
                      ж затрымалі больш за тры дзясяткі прыхільнікаў Казуліна 
                      і журналістаў. 
                     Аляксандар Казулін разам са сваімі паплечнікамі прыйшоў 
                      раніцай 2 сакавіка да Палацу культуры чыгуначнікаў, дзе 
                      праходзіла рэгістрацыя дэлегатаў Трэцяга ўсебеларускага 
                      сходу. Нядаўні зьезд сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада», 
                      якую ачольвае Казулін, вылучыў яго дэлегатам на Ўсебеларускі 
                      сход, каб ён змог азнаёміць людзей са сваёй праграмай. Закон 
                      аб рэспубліканскіх сходах дазваляе вылучэньне ад партыяў. 
                      У фае палацу яго сустрэла прадстаўніца рэгістрацыйнай групы, 
                      і ў Аляксандра Казуліна зь ёй адбылася такая размова:  
                    (Казулін: ) «Я прыйшоў зарэгістравацца дэлегатам».  
                    (Прадстаўніца камісіі: ) «Аляксандар Уладзіслававіч, вы 
                      цудоўна ведаеце, як праходзіла вылучэньне, і хто абраны 
                      дэлегатам ад гораду Менску».  
                    (Казулін: ) «Сэкундачку, я цудоўна ня ведаю. За мной стаяць 
                      200 тысяч выбарцаў, а хто стаіць за вамі. Таму я пайшоў 
                      рэгістравацца».  
                    У сярэдзіне фае шлях Казуліну, яго паплечнікам і журналістам 
                      перагарадзілі людзі ў цывільным, якімі кіраваў камандзір 
                      спэцназу МУС Дзьмітры Паўлічэнка. Яны пачалі адціскаць у 
                      розныя бакі і зьбіваць прадстаўнікоў выбарчага штабу і журналістаў. 
                     
                    Аляксандра Казуліна павалілі на падлогу, і Паўлічэнка зьбіваў 
                      яго нагамі.  
                    Пазьней у інтэрвію агенцтву «Інтэрфакс» палкоўнік Паўлічэнка 
                      сказаў: «Казулін мяне абразіў, і я пагаварыў зь ім па-мужчынску». 
                      Зьбілі таксама генэрала Валерыя Фралова, апэратара агенцтва 
                      «Reuters» ды іншых.  
                    Некалькі асобаў у цывільным запхнулі Аляксандра Казуліна 
                      ў мікрааўтобус і адвезьлі ва ўправу міліцыі Кастрычніцкага 
                      раёну.  
                    Кіраўнік выбарчага штабу Казуліна Мечыслаў Грыб так пракамэнтаваў 
                      напад на кандыдата:  
                    (Грыб: ) «Гэтая акцыя была заказаная і яшчэ раз пацьвердзіла, 
                      што ўлады гатовыя ісьці на ўсё».  
                    Тым часам каля пастарунку, дзе трымалі Казуліна, сабраліся 
                      ягоныя паплечнікі, жонка, дзеці і сваякі кандыдата, назіральнікі 
                      ад АБСЭ і журналісты. Да пастарунку пад’ехаў аўтобус і прыкладна 
                      дваццаць чалавек, сярод якіх былі брат Казуліна, карэспандэнты 
                      «Комсомольской правды” Алег Улевіч і «БелГазеты” Дзьмітры 
                      Брушко, зацягнулі ўсярэдзіну.  
                    Чалавек у цывільным адкрыў агонь зь пісталету па прыпаркаванай 
                      побач машыне, зь якой паплечнікі Казуліна здымалі затрыманьне. 
                     
                    Таксама затрымалі, але неўзабаве адпусьцілі фотакарэспандэнтаў 
                      «Нашай Нівы” Юлію Дарашкевіч, агенцтваў «Associated Press» 
                      Сяргея Грыца і Васіля Фядосенку з «Reuters».  
                    Затрыманых адвезьлі ў Ленінскую ўправу міліцыі. Пры затрыманьні 
                      былі моцна зьбітыя Алег Улевіч, Іван Лабачоў і Ўладзімер 
                      Севярын. Прыкладна ў гэты ж час, каля гарадзкой ратушы, 
                      затрымалі пятнаццаць прыхільнікаў Казуліна, якія чакалі 
                      сустрэчы са сваім кандыдатам. Іх адвезьлі ў Цэнтральны аддзел 
                      міліцыі. Пасьля некаторых адпусьцілі да суду, а некаторых 
                      завезьлі ў спэцпрыёмнік.  
                    Кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч выказаў 
                      сваю салідарнасьць з затрыманым Аляксандрам Казуліным, а 
                      штаб кандыдата сацыял-дэмакратаў запатрабаваў неадкладна 
                      яго вызваліць.  
                    У пастарунку Казулін разьбіў партрэт Аляксандра Лукашэнкі. 
                      Дагэтуль невядома, якое абвінавачаньне яму прад’явяць. Ня 
                      выключана, што Казуліна могуць пазбавіць кандыдацкай рэгістрацыі 
                      і прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці.  
                      
                    Радыё Свабода 
                      
                     |