Сёньня беларусы Бэльгіі перадалі пэтыцыю 
                      ў пасольства Беларусі ў гэтай краіне. У дакумэнце выказваецца 
                      рашучы пратэст супраць зьбіцьця апазыцыйнага кандыдата на 
                      пасаду прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Казуліна. Пэтыцыю 
                      прыйшлося перадаваць пры дапамозе бэльгійскіх паліцыянтаў. 
                     Беларусы прыехалі ў Брусэль з Антвэрпэну адмыслова, каб 
                      перадаць свой зварот у пасольства. Супрацоўнікі беларускай 
                      амбасады, аднак, адмовіліся выйсьці да іх, каб узяць дакумэнт. 
                     
                    Пасьля прыкладна гадзіннага пікетаваньня будынку амбасады, 
                      дапамагчы беларусам узяліся бэльгійскія паліцэйскія, якія 
                      ўзялі пэтыцыю і занесьлі яе ў амбасаду. Паводле словаў старшыні 
                      Беларуска-Эўрапейскага задзіночаньня Зьмітра Піменава, раней 
                      у такіх сытуацыях атрымлівалася абыходзіцца без пасярэдніцтва 
                      паліцыі.  
                    (Піменаў: ) «Мы разумеем, што сапраўды там сталі баяцца. 
                      Раней нехта выходзіў, на відэа здымалі, фатаграфіі рабілі, 
                      а цяпер ніхто праз цэнтральны ўваход нават не выходзіў — 
                      толькі праз другі хадзілі. Выйшлі нейкія людзі — беларусы, 
                      яны сказалі, што пагаджаюцца з намі, падтрымліваюць нашу 
                      пэтыцыю, але прасілі не рабіць здымкі, бо, кажуць «будуць 
                      у нас непрыемнасьці з-за гэтага». 
                    У пэтыцыі, якая ўсё ж трапіла ў амбасаду, беларусы Бэльгіі 
                      патрабуюць ад беларускіх уладаў спыніць рэпрэсіі супраць 
                      апазыцыі і пакараць вінаватых у тым, што здарылася ўчора 
                      з Аляксандрам Казуліным, а таксама тых, хто мае дачыненьне 
                      да зьнікненьняў апазыцыйных палітыкаў. У пэтыцыі гаворыцца 
                      што перадусім да адказнасьці павінен быць прыцягнуты Зьміцер 
                      Паўлічэнка.  
                    (Піменаў: ) «Мы сваёй пэтыцыяй хацелі зьвярнуць увагу на 
                      тое, што чалавек, які зьбіў Казуліна, зьвязаны са зьнікненьнямі 
                      апазыцыйных палітыкаў і журналістаў. Патрабуем, каб яго 
                      прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці за ўсё гэта».  
                    У дзень выбараў — 19 сакавіка беларусы Бэльгіі маюць наладзіць 
                      вялікі пікет каля беларускай амбасады ў Брусэлі. 
                      
                    Аляксей Дзікавіцкі 
                      Радыё Свабода 
                    На фото: пикет у посольства Беларуси, Брюссель, 
                      3 марта 2006  
                     
                     
                      
                     |