Дэлегацыя Эўрапейскага парлямэнту ў складзе 
                      сямі чалавек мае намер прыехаць наступным тыднем у Беларусь 
                      для назіраньня за галасаваньнем на прэзыдэнцкіх выбарах. 
                      У інтэрвію нашаму радыё старшыня камісіі ў міжнародных справах 
                      Эўрапарлямэнту Эльмар Брок адзначыў, што перасьлед рэжымам 
                      Лукашэнкі беларускай апазыцыі фактычна не пакідае надзеі 
                      на правядзеньне сумленных і свабодных выбараў прэзыдэнта. 
                     Кіраўнік дэлегацыі Эўрапалямэнту для назіраньня за выбарамі 
                      ў Беларусі Богдан Кліх не выключае, што дэлегацыя ня будзе 
                      прапушчаная на беларускую тэрыторыю. Эўрапейскі парлямэнт 
                      ня мае запрашэньня ад Нацыянальнага сходу Беларусі: эўрадэпутаты 
                      не падтрымліваюць кантактаў зь цяперашнім беларускім парлямэнтам, 
                      бо не прызнаюць яго за дэмакратычна абраны орган улады. 
                     
                    Напярэдадні чальцы дэлегацыі Эўрапарлямэнту для назіраньня 
                      за выбарамі ў Беларусі выступілі з заяваю, у якой асудзілі 
                      зафіксаваныя на працягу апошніх дзён парушэньні стандартаў 
                      дэмакратычных выбараў.  
                    Старшыня камісіі ў міжнародных справах Эўрапарлямэнту Эльмар 
                      Брок заклікаў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна выкарыстаць 
                      свой уплыў на сытуацыю ў Беларусі для забесьпячэньня дэмакратычнага 
                      ходу выбарчай кампаніі на яе заключным этапе. У інтэрвію 
                      нашаму радыё Брок заявіў, што беларуская апазыцыя можа разьлічваць 
                      на падтрымку міжнароднай дэмакратычнай супольнасьці:  
                    (Брок: ) «Я думаю, надыходзіць момант, калі мы павінны 
                      паказаць беларускім людзям, што зь імі салідарны дэмакратычны 
                      сьвет. Тут, у Эўропе, мы пачуваемся адказнымі зрабіць гэта, 
                      і я спадзяюся, сродкі масавай інфармацыі гатовыя паказаць 
                      Лукашэнку й ягонаму абкружэньню, што беларускі рэжым ізаляваны 
                      ў сьвеце».  
                    Тым часам прэсавы сакратар беларускага МЗС Андрэй Папоў 
                      заявіў сёньня, што «назіраць за выбарамі ў Беларусі могуць 
                      толькі назіральнікі, афіцыйна запрошаныя беларускім бокам, 
                      якія атрымалі адпаведную акрэдытацыю». «Мы чакаем тых, каго 
                      запрасілі, і не чакаем тых, каго не запрашалі», — сказаў 
                      прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Беларусі. Паводле 
                      яго словаў, чакаецца, што ўсяго на выбарах у Беларусі будуць 
                      працаваць 434 назіральнікі ад СНД і 450 — ад Арганізацыі 
                      бясьпекі й супрацоўніцтва ў Эўропе. 
                      
                    Юрась Бушлякоў 
                      Радыё Свабода 
                      
                    На фото: председатель комиссии по международным 
                      делам Европарламента Эльмар Брок 
                      
                      
                     |