Рэзалюцыя адносна сытуацыі ў Беларусі будзе 
                      абмяркоўвацца 9 сакавiка ў Бундэстагу. Як паведамілі «Свабодзе» 
                      ў нямецкім МЗС, Бэрлін ізноў мяркуе нагадаць афіцыйнаму 
                      Менску свае патрабаваньні што да дэмакратычных стандартаў 
                      прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. 
                     Напярэдадні Бэрлін прымаў чарговага кандыдата на пасаду 
                      прэзыдэнта ад беларускай апазыцыі — Аляксандра Казуліна. 
                      Сустрэча беларускага палітыка і дзяржміністра МЗС Герната 
                      Эрлера доўжылася з гадзіну і часам і ўзроўнем прыёму адпавядала 
                      папярэдняй сустрэчы паміж кандыдатам ад апазыцыі Мілінкевічам 
                      і міністрам замежных справаў Штайнмаерам.  
                    Тэкст афіцыйнага паведамленьня нямецкага МЗС пра сустрэчу 
                      дзяржміністра Эрлера з Аляксандрам Казулінам падобны да 
                      таго, што быў падрыхтаваны пасьля сустрэчы міністра Штайнмаера 
                      з кандыдатам у прэзыдэнты Мілінкевічам. З тэксту вынікае, 
                      што Бэрлін заклапочаны «ў сувязі з апошнім разьвіцьцём падзеяў 
                      у Беларусі, аднак спадзяецца на тое, што прэзыдэнцкія выбары 
                      ў краіне пройдуць ўсё ж свабодна і празрыста» 
                    У размове са «Свабодай» рэфэрэнт Герната Эрлера падкрэсьліў: 
                     
                    (Рэфэрэнт: ) «Нямеччына вельмі заклапочаная падзеямі апошняга 
                      тыдня ў Беларусі, калі быў затрыманы кандыдат у прэзыдэнты 
                      Казулін. Гэта выклікала вялікі розгалас у нямецкіх палітычных 
                      колах. У часе сустрэчы са спадаром Казулінам спадар Эрлер 
                      выказаў свае спадзяваньні на тое, што выбары ўсё ж будуць 
                      адпавядаць дэмакратычным стандартам. Заўтра ў Бундэстагу 
                      пройдуць дэбаты па Беларусі і будзе прынятая выніковая заява, 
                      дзе гэтыя патрабаваньні будуць паўтораныя. Гэта будзе наш 
                      сыгнал да афіцыйнага Менску. Для нас важна выказаць сваю 
                      пазыцыю, якая адпавядае пазыцыі Эўразьвязу».  
                    Як сказалі «Свабодзе» ў нямецкім МЗС, прыём апазыцыйных 
                      беларускіх палітыкаў на такім высокім урадавым узроўні дэманструе 
                      вялікую цікавасьць Бэрліна да ходу выбарчай кампаніі ў Беларусі, 
                      а таксама прызнаньне Нямеччынай альтэрнатыўных кандыдатаў 
                      у беларускія прэзыдэнты.  
                    Тым часам прадстаўнікам гэтак званага беларускага лобі 
                      ў нямецкай палітыцы візыт Казуліна ў Нямеччыну падаўся нечаканым. 
                      Уражвае тое, што ніводная зь вядомых нямецкіх газэт не надрукавала 
                      нават маленькага паведамленьня пра знаходжаньне ў Бэрліне 
                      Казуліна — беларускага апазыцыянэра, пра зьбіцьцё якога 
                      мінулым тыднем напісалі многія нямецкія выданьні.  
                    Колішні кіраўнік місіі АБСЭ ў Беларусі Ганс-Георг Вік у 
                      размове са «Свабодай» выказаў сваё уласнае меркаваньне што 
                      да мэтаў візыту Казуліна ў Бэрлін:  
                    (Вік: ) «Безумоўна, можна рабіць выснову, што прыём Мілінкевіча 
                      прайшоў на больш высокім узроўні. Я думаю, што гэтая паездка 
                      была важная для Казуліна ў сэнсе прызнаньня ягонай партыі 
                      нямецкімі палітыкамі, нямецкімі сацыял-дэмакратамі. Як вядома, 
                      сацыял-дэмакратыя ў Беларусі раскалолася, і нейкую ролю 
                      ў гэтым расколе адыгрываў і Казулін. Ня ўсе нямецкія сацыял-дэмакраты 
                      пазытыўна ўспрынялі гэты момант, і таму Казулін неяк хоча 
                      ўзьняць імідж партыі».  
                    Мы таксама патэлефанавалі й да некаторых вядучых нямецкіх 
                      сацыял-дэмакратаў, аднак, паводле іхных словаў, ніхто зь 
                      іх ня чуў пра візыт Аляксандра Казуліна ў Бэрлін.  
                    Вядома, што сёньня беларускі палітык вяртаецца дадому і 
                      ня будзе браць удзелу ў адмысловых дэбатах у пытаньні Беларусі, 
                      дзе галоўны даклад аб сытуацыі ў Беларусі зробіць нямецкая 
                      сацыял-дэмакратка Ута Цапф. 
                      
                    Радыё Свабода 
                      
                     |