Гэты тыдзень у Польшчы можна назваць беларускім. 
                      Тыдзень Беларусі ў Познані, сэрыя канцэртаў беларускіх выканаўцаў 
                      у Варшаве і Гданьску, а цяпер — пачатак дзён беларускай 
                      культуры ў Кракаве. Адметна, што ўсе гэтыя падзе адбываюцца 
                      без запрашэньня афіцыйных беларускіх прадстаўнікоў. Пра 
                      беларускія імпрэзы ў старажытнай польскай сталіцы расказвае 
                      наш варшаўскі карэспандэнт. 
                     Дні беларускай культуры ў Кракаве ладзяцца ўжо трэці раз 
                      запар і нязьменна выклікаюць вялікую зацікаўленасьць жыхароў 
                      гэтага старажытнага гораду.  
                    Томаш Пугацэвіч, адзін з арганізатараў дзён беларускай 
                      культуры, сказаў:  
                    (Пугацэвіч: ) «Адкрыцьцё дзён беларускай культуры адбылося 
                      ў галоўным будынку Ягелёнскага ўнівэрсытэту — было сапраўды 
                      шмат людзей. Гэтая тэма ўжо даўно і даволі моцна цікавіць 
                      жыхароў Кракава».  
                    Сёлета жыхары Кракава маюць магчымасьць пазнаёміцца, сярод 
                      іншага, зь цяперашняй сытуацыяй беларускай мовы ў сыстэме 
                      адукацыі Беларусі, узяць удзел у дыскусіях што ад ролі моладзі 
                      ў адраджэньні нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў, патанчыць 
                      на беларускай дыскатэцы ці паслухаць выступы беларускіх 
                      музыкаў, сярод якіх гурт «BN».  
                    Трэція дні беларускай культуры ў Кракаве маюць пэўныя адрозьненьні 
                      ад таго, што адбывалася год таму. Мартына Квяткоўска, адна 
                      з арганізатарак дзён культуры:  
                    (Квяткоўска: ) «Гэтым разам мы больш увага надаём сучаснай 
                      беларускай літаратуры. Лічым, што гэта вельмі важна, каб 
                      палякі пазнаёміліся з творамі асабліва маладых беларускіх 
                      літаратараў. Хочам таксама шырэй пагаварыць пра сытуацыю, 
                      у якой апынуліся недзяржаўныя арганізацыі ў Беларусі. Мы 
                      запрасілі шэраг прадстаўнікоў беларускага трэцяга сэктару, 
                      але, ведаючы апошнія выпадкі, калі беларускія ўлады не выпускаюць 
                      з краіны сваіх грамадзянаў, хвалюемся каб ў іх не было праблемаў 
                      на мяжы».  
                    Адметна, што дні беларускай культуры, аўтарам ідэі якіх 
                      быў беларус-выкладчык Ягелёнскага ўнівэрсытэту Генадзь Семянчук, 
                      арганізуюць перадусім студэнты ўнівэрсытэту.  
                    Прадстаўнікоў беларускіх уладаў на іх не запрашаюць.  
                    (Квяткоўска: ) «Я не накіроўвала ім запрашэньняў — ня ведаю, 
                      нават, як бы прысутнасьць гэтых людзей тут выглядала, ці 
                      было б гэта дарэчы і ці мела б нейкі сэнс». 
                      
                     
                      Аляксей Дзікавіцкі 
                      Радыё Свабода 
                      
                     |