8 сакавіка, ніжняя палата Кангрэсу ЗША
прыняла рэзалюцыю ў падтрымку намаганьняў народа Беларусі
па аднаўленьні дэмакратыі, законнасьці і павагі да правоў
чалавека. Рэзалюцыя, якую падтрымаў 491сябар Кангрэсу, заклікае
ўрад Рэспублікі Беларусь да правядзеньня свабодных і справядлівых
выбараў 19 сакавіка 2006 г.
Рэзалюцыя была падрыхтаваная і прапанаваная да разгляду
ў Кангрэсе кангрэсмэнамі Джонам Шымкусам і Элтанам Гэлэглі.
Кангрэсмэн Сміт у сваім звароце да Кангрэсу адзначыў, што
Беларусь, якая мяжуе з Эўразьвязам, зьяўляецца анамаліяй
у дэмакратычнай Эўропе. Ён зьвярнуў увагу на тое, што Аляксандар
Лукашэнка разгарнуў інтэнсіўную кампанію па застрашэньні
грамадзян Беларусі праз прапаганду супраць дэмакратычнай
апазыцыі, Эўропы і Злучаных Штатаў. Кангрэсмэн Сміт заявіў,
што народ Беларусі заслугоўвае свабоду і права заняць месца
ў вольнай, квітнеючай і дэмакратычнай Эўропе.
Кангрэсмэн Шымкус, які падчас свайго выступу трымаў у руцэ
кавалачак джынсавай тканіны як сымбаль зьменаў, зазначыў,
што рэзалюцыя заклікае да правядзеньня абсалютна празрыстых
выбараў, адкрытых для назіральнікаў і паўнавартаснага ўдзелу
палітычных партый.
Кангрэсмэн Том Лантас падкрэсьліў, што ў Беларусі фактычна
не існуе свабоды слова, незалежныя сродкі масавай інфармацыі
перасьледуюцца, а дэмакратычныя кандыдаты ня маюць доступу
да тэлебачаньня і радыё, якія цалкам кантралююцца дзяржавай.
Ён заявіў, што дадзеная рэзалюцыя выражае падтрымку народу
Беларусі.
У чацьвер, 9 сакавіка, у Хэльсынскім Камітэце Кангрэсу
ЗША пройдуць грамадзкія слуханьні, прысьвечаныя сытуацыі
ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.
Ірына Віданава
Радыё Свабода
|