Камітэт замежных справаў Сойму Літвы ў 
                      пятніцу прыняў рэзалюцыю «Адносна перадвыбарчай сытуацыі 
                      ў Беларусі». Усяго ў літоўскім парлямэнце зарэгістраваныя 
                      тры праекты рэзалюцыі адносна сытуацыі ў Беларусі. Разгляд 
                      агульнай рэзалюцыі Сойму што да рэпрэсіяў у Беларусі перанесены 
                      на наступны тыдзень. 
                     У рэзалюцыі, прынятай парлямэнцкім камітэтам замежных 
                      справаў, асуджаецца «жаданьне беларускіх уладаў задушыць 
                      свабоду слова ў Беларусі і права на свабоду выбару», выказваецца 
                      падтрымка людзям Беларусі ў іх памкненьнях забясьпечыць 
                      павагу ў сваёй дзяржаве да асноўных дэмакратычных каштоўнасьцяў. 
                      Рэзалюцыя заклікае неадкладна вызваліць затрыманых лідэраў 
                      апазыцыі.  
                    Прынятую рэзалюцыю ініцыяваў яшчэ перад пачаткам вясновай 
                      сэсіі парлямэнту сацыял-лібэрал Вацлаў Станкевіч, сябра 
                      парлямэнцкай групы «За дэмакратычную Беларусь», старшыня 
                      камісіі ў справах НАТО і сябра камітэту замежных справаў. 
                      Вацлаў Станкевіч сказаў нашаму радыё, што Сойм толькі пачаў 
                      сваю працу і рэзалюцыя парлямэнцкага камітэту — гэта спосаб 
                      як мага хутчэй адрэагаваць на падзеі ў Беларусі.  
                    (Станкевіч: ) «У заяве камітэту замежных справаў ёсьць 
                      асобны пункт, дзе мы прапануем беларускім уладам як найхутчэй 
                      выпусьціць арыштаваных апазыцыянэраў — мы перакананыя, што 
                      так нельга рабіць у цывілізаванай сучаснай краіне. Я ўпэўнены, 
                      што такія самыя заклікі будуць і ў рэзалюцыі Сойму».  
                    Вацлаў Станкевіч адзначыў, што прыняцьце рэзалюцыі ўсяго 
                      Сойму адносна цяперашніх падзеяў у Беларусі надзвычай важна 
                      і для самой Літвы, для яе міжнароднага іміджу.  
                    Кіраўнік парлямэнцкага камітэту замежных справаў, сацыял-дэмакрат 
                      Юсьцінас Каросас мяркуе, што ўхваленай сёньня рэзалюцыі 
                      дастаткова, а заява ўсяго Сойму можа быць прынятая пасьля 
                      выбараў.  
                    Тым часам у парадку дня першага паседжаньня вясновай сэсіі 
                      літоўскага парлямэнту было абмеркаваньне двух праектаў рэзалюцыі 
                      па Беларусі. На прапанову сацыял-дэмакратаў (якія належаць 
                      да кіроўчай у Сойме фракцыі) сёньня бальшынёй галасоў вырашана 
                      перанесьці разгляд агульнай рэзалюцыі літоўскага Сойму. 
                     
                    Адзін з праектаў рэзалюцыі — «Адносна рэпрэсіяў напярэдадні 
                      будучых выбараў у Беларусі» — зарэгістравала Раса Юкнявічэне 
                      з партыі кансэрватараў «Саюз Айчыны». Юкнявічэне, якая ачольвае 
                      парлямэнцкую групу «За дэмакратычную Беларусь», рэзка асудзіла 
                      рашэньне адкласьці галасаваньне па зарэгістраванай ёю рэзалюцыі 
                      адносна рэпрэсіяў у Беларусі. Раса Юкнявічэне сказала нашаму 
                      радыё:  
                    (Юкнявічэне: ) «Я хацела, каб Сойм Літоўскай Рэспублікі 
                      як прадстаўнік нацыі выказаў сваё яснае, недвухсэнсоўнае 
                      стаўленьне да таго, што адбываецца ў Беларусі. Тым болей, 
                      што Соймы Латвіі і Эстоніі ўжо прынялі рэзалюцыі ў справе 
                      Беларусі. Застаецца толькі шкадаваць, што найбліжэйшая суседка 
                      Беларусі Літва так затрымліваецца. Рашэньне адкласьці рэзалюцыю 
                      адносна Беларусі — гэта пазыцыя ня ўсёй Літвы, а толькі 
                      меркаваньне часткі цяперашняй «камуністычнай намэнклятуры». 
                     
                    Другі праект рэзалюцыі прапаноўваў кансэрватар Эмануэліс 
                      Зінгерыс, кіраўнік парлямэнцкага падкамітэта ў справах палітыкі 
                      суседзтва, сябра камітэту замежных справаў. У гэтым праекце 
                      зьмешчаны заклікі да больш жорсткай палітыкі з боку Эўразьвязу 
                      ў адносінах да Беларусі. Зінгерыс спадзяецца, што Сойм прыме 
                      агульную рэзалюцыю з улікам палажэньняў абодвух праектаў. 
                     
                    (Зінгерыс: ) «Гэта будзе яшчэ ня позна. На жаль, рэпрэсіяў 
                      у Беларусі столькі, і улады паводзяцца так, што такая рэзалюцыя 
                      ня толькі сёньня будзе актуальная. Я упэўнены, што Сойм 
                      прагаласуе за такую рэзалюцыю».  
                    Агульная рэзалюцыя Сойму Літвы адносна рэпрэсіяў у Беларусі 
                      будзе разглядацца 14 сакавіка (гэта найбліжэйшы працоўны 
                      дзень: наступныя тры дні ў Літве — выходныя). 
                      
                    Тацяна Поклад 
                      Радыё Свабода 
                     
                      
                     |