На гэтым тыдні ўплывовыя міжнародныя арганізацыі, 
                      кіраўнікі, парлямэнты і ўрады многіх краінаў сьвету прымалі 
                      рэзалюцыі, выступалі з заявамі і камэнтарамі адносна перадвыбарчай 
                      сытуацыі ў Беларусі. 
                     Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прыняла рэзалюцыю ў 
                      падтрымку намаганьняў народа Беларусі ў аднаўленьні дэмакратыі, 
                      законнасьці і павагі да правоў чалавека.  
                    У Хэльсынскай камісіі ЗША адбыліся грамадзкія слуханьні, 
                      прысьвечаныя Беларусі, на якіх гаварылася пра неабходнасьць 
                      жорсткага ціску на ўрад Лукашэнкі з боку ЗША і міжнароднай 
                      супольнасьці.  
                    У штогадовай справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША аб правах 
                      чалавека ў сьвеце адзначалася, што «становішча з правамі 
                      чалавека ў Беларусі застаецца вельмі кепскім і пагоршылася 
                      ў шэрагу галінаў».  
                    Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш у сваім звароце з нагоды Міжнароднага 
                      жаночага дня згадаў пра сустрэчу зь дзьвюма беларускімі 
                      жанчынамі, жонкамі зьніклых — Ірынай Красоўскай і Сьвятланай 
                      Завадзкай.  
                    (Буш: ) «Днямі я прывітаў дзьвюх жанчын зь Беларусі, якія 
                      занепакоеныя рэпрэсіўным характарам беларускага рэжыму. 
                      Мы падтрымліваем жанчын у Беларусі, якія абараняюць чалавечыя 
                      правы напярэдадні выбараў».  
                    Вашынгтонскі Нацыянальны дэмакратычны інстытут асудзіў 
                      хаду выбарчай кампаніі ў Беларусі. Паводле старшыні рады 
                      дырэктараў інстытуту Мадлен Олбрайт, «ураду Беларусі ня 
                      варта чакаць павагі з боку міжнароднай супольнасьці, калі 
                      ён не зьбіраецца паважаць міжнародныя нормы».  
                    Эўразьвяз і Рада Эўропы на гэтым тыдні выступілі з заявамі, 
                      у якіх выказалі занепакоенасьць сытуацыяй у Беларусі. Яны 
                      асудзілі арышт Вінцука Вячоркі і назвалі гэта чарговым доказам 
                      таго, што рэжым Лукашэнкі ня хоча гарантаваць грамадзянам 
                      асноўныя ўмовы для вольных і празрыстых выбараў.  
                    Эўразьвяз пагражае зрабіць больш жорсткімі санкцыі супраць 
                      Беларусі, калі вынікі прэзыдэнцкіх выбараў 19 сакавіка будуць 
                      зманіпуляваныя, а галасаваньне пройдзе з парушэньнямі, заявіла 
                      эўракамісар Бэніта Фэрэра-Вальднер.  
                    Прэзыдэнт Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Рэнэ ван дэр 
                      Ліндэн асудзіў рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі падчас перадвыбарчай 
                      кампаніі і запатрабаваў неадкладнага вызваленьня ўсіх арыштаваных 
                      актывістаў.  
                    Дэлегацыя Эўрапарлямэнту ў складзе сямі чалавек мае намер 
                      прыехаць у Беларусь для назіраньня за галасаваньнем на выбарах. 
                      Вось што заявіў старшыня камісіі ў міжнародных справах Эўрапарлямэнту 
                      Эльмар Брок.  
                    (Брок: ) «Я думаю, надыходзіць момант, калі мы павінны 
                      паказаць беларускім людзям, што зь імі салідарны дэмакратычны 
                      сьвет».  
                    У Эўрапарлямэнце рыхтуецца новы сьпіс беларускіх чыноўнікаў, 
                      якім будзе забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу. Прапаноўваецца 
                      пашырыць колькасьць беларускіх чыноўнікаў, міліцыянтаў, 
                      супрацоўнікаў КДБ, дзяржаўных мэдыяў на 40 прозьвішчаў — 
                      з 7 да 47.  
                    У прынятай рэзалюцыі па Беларусі дэпутаты Бундэстагу выказалі 
                      сумненьне, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць у 
                      адпаведнасьці з дэмакратычнымі стандартамі. Вось што заявіла 
                      кіраўніца рабочай групы ў справах Беларусі Ута Цапф.  
                    (Цапф: ) «У нашай рэзалюцыі выказанае галоўнае агульнае 
                      патрабаваньне, каб выбары прайшлі свабодна і празрыста». 
                     
                    Прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі спадзяецца, што Варшава 
                      зможа пераканаць Эўразьвяз у неабходнасьці салідарнасьці 
                      зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі. «Мы будзем падтрымліваць 
                      беларускую апазыцыю, мы маем жаданьне гэта рабіць і маем 
                      грошы», заявіў Качыньскі.  
                    Міністэрства замежных справаў Чэхіі ў адмысловай заяве 
                      асудзіла арышт Вінцука Вячоркі і рэпрэсіўныя дзеяньні супраць 
                      Аляксандра Казуліна і Анатоля Лябедзькі ды іншых актывістаў. 
                     
                    Камітэт замежных справаў Сойму Літвы прыняў рэзалюцыю, 
                      у якой асуджаецца «жаданьне беларускіх уладаў задушыць свабоду 
                      слова ў Беларусі і права на свабоду выбару». Рэзалюцыю ініцыяваў 
                      Вацлаў Станкевіч, сябра парлямэнцкай групы «За дэмакратычную 
                      Беларусь».  
                    (Станкевіч: ) «У заяве ёсьць асобны пункт, дзе мы прапануем 
                      беларускім уладам як найхутчэй выпусьціць арыштаваных апазыцыянэраў». 
                     
                    Украіна далучылася да заявы Эўразьвязу адносна перадвыбарчай 
                      сытуацыі ў Беларусі. «Апошнія падзеі ў Беларусі не даюць 
                      падставаў чакаць, што прэзыдэнцкія выбары ў гэтай дзяржаве 
                      будуць дэмакратычнымі», заявіў міністар замежных справаў 
                      Украіны Барыс Тарасюк. 
                      
                    Радыё Свабода 
                     
                      
                     |