Кіраўнікі Літвы заяўляюць, што выбарчая 
                      кампанія ў Беларусі не адпавядае дэмакратычным нормам, і 
                      што рэпрэсіі беларускіх уладаў ускладняюць сытуацыю ў краіне. 
                      Аднак Літва выступіла супраць эканамічных санкцыяў у дачыненьні 
                      да Беларусі. 
                     У часе сустрэчы міністраў замежных справаў Эўразьвязу 
                      ў Зальцбургу (Аўстрыя) 10-11 сакавіка, на якой абмяркоўвалася 
                      беларускае пытаньне, кіраўнік літоўскага дыпляматычнага 
                      ведамства Антанас Валёніс выступіў супраць эканамічных санкцыяў 
                      у дачыненьні да Беларусі.  
                    У адмысловым прэс-рэлізе Міністэрства замежных справаў 
                      Літвы з гэтай нагоды гаворыцца, што адмоўныя наступствы 
                      эканамічных санкцыяў найперш адчуюць простыя людзі ў Беларусі, 
                      а ня ўлады, таму Літва не падтрымлівае адмену агульнай сыстэмы 
                      прэфэрэнцыяў для Беларусі.  
                    Адначасова міністар замежных справаў Літвы А.Валёніс заявіў, 
                      што выбарчая кампанія ў Беларусі не адпавядае дэмакратычным 
                      нормам, жорсткімі сродкамі парушаецца права на свабоднае 
                      выказваньне сваёй волі грамадзянаў і апазыцыі.  
                    (Валёніс: ) «Затрыманьне кіраўнікоў апазыцыі і іх давераных 
                      асобаў паказвае, што цяперашняя адміністрацыя баіцца дэмакратычных 
                      выбараў і таму не дазволіць, каб выбарчая кампанія вялася 
                      сумленна».  
                    Тым часам сьпікер літоўскага Сойму Артурас Паўласкас адзначыў 
                      у інтэрвію на Літоўскім нацыянальным радыё, што ізаляцыя 
                      беларускай апазыцыі сьведчыць пра складанасьць сытуацыі 
                      ў Беларусі, і што немагчыма для апазыцыі перамагчы на такіх 
                      выбарах.  
                    (Паўласкас: ) «Апазыцыі не даецца магчымасьць зьвяртацца 
                      да грамадзянаў, няма ўмоваў для таго, каб выбары былі адкрытыя, 
                      дэмакратычныя, справядлівыя. Болей таго — арышты апазыцыі. 
                      Папросту ўжываюцца рэпрэсіі, каб ізаляваць кандыдатаў ад 
                      сваёй каманды, пакінуць іх адных напярэдадні выбараў. Гэтыя 
                      выбары недэмакратычныя. Нашыя парлямэнтары паедуць назіральнікамі, 
                      мы зробім свае высновы. Але ўжо сёньня, з увагай да арыштаў, 
                      можна сказаць, што сытуацыя складаная, дэмакратыі там і 
                      ня бачна».  
                    На наступным тыдні Сойм Літвы будзе абмяркоўваць рэзалюцыю 
                      адносна рэпрэсіяў у Беларусі, а парлямэнцкі камітэт замежных 
                      справаў ужо прыняў рэзалюцыю з асуджэньнем арыштаў у Беларусі. 
                      
                    Тацяна Поклад 
                      Радыё Свабода 
                      
                     |