Сёньня ў цэнтры Брусэлю, каля будынкаў 
                      Парлямэнцкая асамблеі Рады Эўропы і Эўрапейскай Камісіі 
                      прайшла акцыя пратэсту супраць перасьледу і арыштаў прыхільнікаў 
                      дэмакратычных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі, 
                      а таксама супраць магчымых фальсыфікацыяў вынікаў выбараў. 
                    У пікеце, які адбываўся ў цэнтры Брусэлю, на пляцы імя 
                      Робэрта Шумана, узялі ўдзел каля 20 чалавек, прычым арганізатарамі 
                      пікету выступілі украінцы, якія жывуць у Бэльгіі. Гаворыць 
                      адзін зь іх — Аляксандар Падбярэзьнік-Кірычэнка:  
                    (Падбярэзьнік-Кірычэнка: ) «Сёньня мы разам з братамі-беларусамі 
                      бярэм удзел у гэтай акцыі — мы супраць фальсыфікацыяў вынікаў 
                      выбараў, супраць перасьледу беларускай апазыцыі. Украінцам 
                      і беларусам трэба трымацца разам. Жыве Беларусь!» 
                    Удзельнікі акцыі трымалі беларускія і ўкраінскія сьцягі, 
                      плякаты з надпісамі па-беларуску і па-француску «Не — фальсыфікацыям 
                      вынікаў выбараў у Беларусі!», «Свабоду палітывязьням!», 
                      «Так свабодным і дэмакратычным выбарам!», «Стоп расейскай 
                      акупацыі Беларусі».  
                    У пікеце ўзялі ўдзел прадстаўнікі Беларуска-эўрапейскага 
                      задзіночаньня. Гаворыць старшыня гэтай арагнізацыі Зьміцер 
                      Піменаў:  
                    (Піменаў: ) «Галоўнае, што мы хочам сказаць, гэта рашучае 
                      «Не!» фальсыфікацыям на прэзыдэнцкіх выбарах».  
                    Падтрымаць удзельнікаў пікету прыйшоў і сябра Рады БНР 
                      спадар Янка Жучка.  
                    Паводле ягоных словаў, акцыі пратэсту ў справе Беларусі 
                      за мяжой вельмі патрэбныя.  
                    (Жучка: ) «Мы паказваем Эўропе, што тое, што нашая эўрапейская 
                      краіна выключаная з Эўропы, гэта віна толькі нейкай часткі 
                      беларусаў, ня ўсіх. Таксама тут і расейскага боку віна ёсьць, 
                      што мы ня можам поўнасьцю далучыцца да Эўропы».  
                      
                    Аляксей Дзікавіцкі 
                      Радыё Свабода 
                      
                    На фото: пикет у здания Парламентской Ассамблеи 
                      Совета Увропы, Брюссель, Бельгия, 13 марта 2006 
                     
                    
  |