Сёньня ўдзельнікі міжнароднай акцыі «Ці 
                      магу я атрымаць права?» (Can I get a right?), якія пратэстуюць 
                      супраць парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, прыехалі 
                      ў Варшаву. Акцыю, у якой ўзялі ўдзел палякі, немцы, галяндцы 
                      ды іншыя, наладзіла праваабарончая арганізацыя «Міжнародная 
                      амністыя». 
                     6 сакавіка з Амстэрдаму «да мяжы апошняй дыктатуры ў Эўропе» 
                      аўтастопам выехалі каля трох дзесяткаў студэнтаў з групаў 
                      падтрымкі «Міжнароднай амністыі», якія па дарозе ладзілі 
                      інфармацыйныя акцыі – у Галяндыі, Нямеччыне — прысьвечаныя 
                      парушэньням правоў чалавека ў Беларусі.  
                    Студэнты зь некалькіх эўрапейскіх краінаў маюць намер 16 
                      сакавіка — за тры дні да выбараў — прыехаць на польска-беларускую 
                      мяжу, каб выказаць сваю салідарнасьць перадусім зь беларускай 
                      моладзьдзю.  
                    Сёньня актывісты «Міжнароднай амністыі» былі ў Варшаве. 
                      У цэнтры гораду яны ўсталявалі вялікія партрэты зьніклых 
                      беларускіх палітыкаў. Гаворыць Валт Олбэрс з Галяндыі:  
                    (Олбэрс: ) «Мы арганізавалі гэтую акцыю, у часе якой маем 
                      намер даехаць да мяжы зь Беларусьсю, каб паказаць, што паўсюль 
                      у Эўропе, вось як тут у Варшаве, мы можам свабодна пратэставаць 
                      супраць парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, а ў самой 
                      Беларусі гэта ўжо было б немагчыма. Сотні людзей прыходзілі 
                      на сустрэчы з намі ў Нямеччыне і Галяндыі».  
                    Матэуш Зэглінські з Польшчы:  
                    (Зэглінські: ) «У цяперашняй палітычнай сытуацыі шмат хто 
                      забыўся на тое, што Беларусь гэта адзіная краіна ў Эўропе, 
                      дзе дагэтуль выконваюцца прысуды аб сьмяротным пакараньні. 
                      Гэта адна з найважнейшых праблемаў, якая непакоіць «Міжнародную 
                      амністыю», але ня менш важна і тое, што ў Беларусі няма 
                      свабоды выбару. Мы не падтрымліваем нейкую партыю ці кандыдата, 
                      для нас важна, каб не парушаліся правы чалавека, так як 
                      гэта робіцца цяпер у Беларусі».  
                    Па дарозе да беларуска-польскай мяжы, удзельнікі акцыі 
                      прапаноўваюць жыхарам розных краінаў запоўніць уласныя «бюлетэні 
                      для галасаваньня», дзе галоўныя пытаньні — ці можна ў Беларусі 
                      свабодна выказваць уласныя меркаваньні, ці ёсьць свабода 
                      сходаў, выезду за мяжу і гэтак далей.  
                    Вынікі гэтага міжнароднага галасаваньня будуць прадстаўленыя 
                      ў Беластоку праз тры дні.  
                      
                    Аляксей Дзікавіцкі 
                      Радыё Свабода 
                      
                    На фото: акция «Can I get a right?», Варшава, 
                      13 марта 2006 
                     
                    
  |