Пяцёх затрыманых грамадзянаў Украіны суд 
                      Фрунзенскага раёну арыштаваў на 10 сутак. Іх абвінавацілі 
                      ў парушэньні Адміністрацыйнага кодэксу Беларусі, а менавіта, 
                      у парушэньні грамадзкага парадку ў часе правядзеньня масавых 
                      мерапрыемстваў. Непаўнагадовага Цімура Літвіна беларускія 
                      ўлады выдалі прадстаўнікам украінскай амбасады, каб тыя 
                      самі накіравалі яго ва Ўкраіну. А 8 вечара студэнта Днепрапятроўскага 
                      ўнівэрсытэту пасадзілі ў цягнік «Менск-Кіеў». Трох беларускіх 
                      грамадзянаў суд аштрафаваў на 20 мінімальных заробкаў, Алега 
                      Лабатага пасадзілі на трое сутак, а Матвея Чысьціка — на 
                      10. Судзілі 11 затрыманых да 9 вечара. Суд над яшчэ трыма 
                      затрыманымі працягнецца заўтра. 
                     У суд Фрунзенскага раёну прыйшлі некалькі дзесяткаў грамадзянаў, 
                      доўгатэрміновыя назіральнікі АБСЭ, прадстаўнікі ўкраінскай 
                      амбасады. Судзілі затрымангых удзельнікаў сустрэчы з Аляксандрам 
                      Мілінкевічам да 9 вечара.  
                    15 чалавек затрымалі людзі ў цывільным учора ўвечары, калі 
                      яны разам зь іншымі пачалі разыходзіцца па заканчэньні сустрэчы 
                      зь Мілінкевічам ля Лядовага палацу на вуліцы Прытыцкага. 
                      Сярод іх 6 грамадзянаў Украіны.  
                    Анатоль Яцэнка быў у Менску на запрашэньне сваіх беларускіх 
                      калегаў. Ён зьяўляецца старшынём Украінскай фэдэрацыі шахмат 
                      і шашак. У пратаколе было напісана, што Анатоль як і іншыя 
                      затрыманыя, нібыта агучваў «лёзунгі, якія дыскрэдытуюць 
                      кіраўніка дзяржавы».  
                    Адзін з затрыманых, студэнт Мікола Карпіньскі з Ровенскай 
                      вобласьці, заявіў хадайніцтва, каб яму прадаставілі перакладчыка 
                      з украінскай мовы. Прадстаўнікі ўкраінскай амбасады знайшлі 
                      яму перакладчыка сярод прысутных у судзе.  
                    Мікола Карпіньскі заявіў у судзе, што яго зьбівалі людзі 
                      ў цывільным, пры гэтым яны абкруцілі свае рукі сьцягам Украінскага 
                      народнага блёку. Мікола паведаміў суду, што падчас зьбіваньня 
                      яны нецэнзурна лаяліся і пагражалі, што прымусяць яго зьесьці 
                      сьцяг. Мікола Карпіньскі заявіў, што беларускія ўлады арыштавалі 
                      грамадзян Украіны, каб прадухіліць прыезд у Беларусь сяброў 
                      дэмакратычных рухаў Украіны, якія выяўляюць салідарнасьць 
                      зь беларускім народам.  
                    (Карпінскі:) «Чалавек біў мяне, наматаўшы на кулак сьцяг 
                      са словамі: «Ты яго зараз сажрэш!». Я мяркую, што такія 
                      меры ўжываюць дзеля прадухіленьня прыезду 19 сакавіка сяброў 
                      грамадзкіх аб’яднанаьняў «Пора», «Студэнцкае брацтва», ды 
                      іншых людзей, якія зацікаўленыя ў правядзеньні дэмакратычных 
                      выбараў у Беларусі. Мы прыехалі ў Беларусь толькі для таго, 
                      каб сустрэцца з Мілінкевічам і выказаць сваю салідарнасьць 
                      з беларускім народам.» 
                    Сяржант Дрозд, баец спэцназу міліцыі, быў сьведкам у справе 
                      Арцёма Бажынскага. Ён паведаміў, што грамадзяне Ўкраіны 
                      агучвалі лёзунгі, якія дыскрэдытуюць кіраўніка дзяржавы. 
                      Паводле яго, гэта лёзунг «Беларусь у Эўропу!». Ён патлумачыў, 
                      што гэта абражае Аляксандра Лукашэнкі, бо супярэчыць яго 
                      ўнутранай і зьнешняй палітыцы.  
                    Арцёма Бажынскага, Ігара Галубіцкага, Міколу Карпінскага, 
                      Натальлю Касарчук і Анатоля Яцэнку суд пакараў арыштам на 
                      10 сутак.  
                      Мацьвея Чысьціка пакаралі на 10 суткамі арышту, а Алега 
                      Лабатага — трыма. Сяржука Мацкойца і Алега Ларычава, аштрафавалі 
                      на 20, а Валянціна Сакалоўскага — на 25 базавых велічыняў. 
                      Яшчэ трох будуць судзіць заўтра. 
                      
                    Радыё Свабода 
                     
                    
  |