У Варшаве каля амбасады Беларусі зьявіўся 
                      намёт, у якім дзень і ноч знаходзяцца актывісты Зьвязу на 
                      карысьць дэмакратыі ў Беларусі. Там можна таксама ўзяць 
                      удзел у альтэрнатыўным галасаваньні. 
                    Гэтымі днямі ў Варшаве стала значна халадней, асабліва 
                      ўначы, аднак сяброў Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі 
                      гэта не палохае. Адзін з актывістаў арганізацыі Ян Гебэрт 
                      кажа, што намёт каля беларускай амбасады гэта напамін беларускім 
                      дыпляматам аб тым, што міжнародная супольнасьць будзе памятаць 
                      людзей, якія бяруць удзел у фальсыфікацыях вынікаў прэзыдэнцкіх 
                      выбараў.  
                    (Гебэрт: ) «Намёт стаіць, па-першае, для таго, каб ня даць 
                      спакою тым, хто знаходзіцца ўнутры амбасады. Каб яны ведалі, 
                      што вось сёньня пачынаецца папярэдняе галасаваньне, і мы 
                      пра гэта ведаем і будзем памятаць пра тых, хто займаецца 
                      фальсыфікацыямі. Каб яны таксама пра гэта памяталі».  
                    У намёце ўвесь час знаходзяцца два чалавекі, якія інфармуюць 
                      мінакоў пра мэту акцыі і сытуацыю ў Беларусі. Штодзённа 
                      плянуецца выдаваць сьвежую ўлётку, прысьвечаную апошнім 
                      падзеям выбарчай кампаніі.  
                    Беларусы, якія жывуць у Польшчы будуць таксама мець магчымасьць 
                      упершыню ўзяць удзел у альтэрнатыўным галасаваньні.  
                    (Гебэрт: ) «На вуліцы Вяртнічай каля амбасады Беларусі 
                      будзе стаяць скрынка, і мы запрашаем усіх беларусаў, якія 
                      будуць галасаваць у амбасадзе, а таксама тых, хто ня можа 
                      паводле свайго статусу ўвайсьці на тэрыторыю пасольства, 
                      прагаласаваць і ў нас. Цікава будзе потым параўнаць вынікі 
                      галасаваньня».  
                    Намёт будзе стаяць каля беларускага пасольства прынамсі 
                      да 20 сакавіка, а, як кажуць актывісты, «ў разе патрэбы» 
                      і даўжэй.  
                    Цікава, што ў вялікім намёце ёсьць яшчэ намёт меншы, каб 
                      было цяплей. Удзельнік акцыі маюць таксама невялікая абаграваючае 
                      прыстасаваньне.  
                    Дапамогу актывістам Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі 
                      ў выглядзе гарачай гарбаты ці супу ўжо запрапанавалі некаторыя 
                      людзі, што жывуць побач зь беларускай амбасадай, сярод іх 
                      вядомая польская акторка Малгажата Браўнэк.  
                      
                    Аляксей Дзікавіцкі 
                      Радыё Свабода 
                       
                     |