Напярэдадні ў Вільні адбылася пятая ўжо 
                      акцыя беларуска-літоўскай салідарнасьці. Гэтым разам акцыя 
                      салідарнасьці са зьніклымі і пацярпелымі ад палітычных рэпрэсіяў 
                      у Беларусі адбылася пры ўдзеле рок-гурту «NRM», які ўпершыню 
                      выступіў у Літве. 
                     Такія акцыі 16-га дня кожнага месяца сталі традыцыяй — 
                      дзякуючы беларускай і літоўскай моладзі, згуртаванай Цэнтрам 
                      беларускіх ініцыятываў у Літве. Акцыю падтрымаў і літоўскі 
                      Фонд абароны грамадзянаў.  
                    Перад канцэртам у залі найбольшага балтыйскага інфармацыйнага 
                      агенцтва БНС адбылася прэсавая канфэрэнцыя з нагоды акцыі. 
                      Арганізатары адзначылі, што імкнуцца зьвярнуць увагу моладзі 
                      Літвы да праблемы парушэньня правоў чалавека у Беларусі. 
                      Выступоўцы, літоўскія музыкі, гаварылі пра падтрымку памкненьняў 
                      да свабоды ў Беларусі.  
                    Падчас канцэрту заля аднаго з найбольш вядомых віленскіх 
                      клюбаў у старым горадзе, разьлічаная на 500 месцаў, была 
                      запоўненая. Лідэр гурту «NRM» Лявон Вольскі сказаў радыё 
                      «Свабода»:  
                    (Вольскі: ) «Для нас вельмі істотна доўжыць гэтыя сувязі, 
                      ладзіць тут канцэрты, знаёміцца менавіта з сучаснай віленскай 
                      публікай. Я маю ў плянах паспрабаваць вывучыць хаця б пачаткова 
                      літоўскую мову – мову нашых суседзяў. Калі б была магчымасьць 
                      езьдзіць сюды часьцей, у варунках не палітызаваных, а проста 
                      творчых, я быў бы вельмі шчасьлівы».  
                       
                      Цягам чатырохгадзіннага канцэрту паўсюль у залі гарэлі белыя 
                      і чырвоныя сьвечкі, луналі некалькі вялікіх бел-чырвона-белых 
                      сьцягоў. На першы віленскі канцэрт «NRM» прыйшлі людзі самых 
                      розных узростаў. Заля вітала беларускіх рок-музыкаў: «Жыве 
                      Беларусь! «NRM»!» 
                    (Дзяўчына: ) «Ад канцэрту ўражаньні найлепшыя, гэта вельмі 
                      моцная каманда, такіх у Літве, трэба сказаць шчыра, папросту 
                      няма».  
                    (Спадарыня: ) «Я была ў Менску на канцэрце, там было іначай. 
                      Тут яны іншыя, яны адкрыліся, было гэтае пачуцьцё свабоды, 
                      якое лунае над Вільняй. Было і радасна, і крыху крыўдна, 
                      што ў нас так не бывае». 
                     
                      
                    Тацяна Поклад 
                      Радыё Свабода 
                      
                    На фото: акция белорусско-литовской солидарности, 
                      Вильнюс, 16 марта 2006 
                     
                    
  |