Чацьвертая раніцы ў Менску, намётавы гарадок 
                      на Кастрычніцкай плошчы зьнішчаны. Зь месца падзеяў перадае 
                      карэспандэнт «Свабоды»: «На дадзены момант на Кастрычніцкай 
                      плошчы можна заўважыць некалькі трактароў, якія зграбаюць 
                      тое, што засталося ад намётавага лягеру. Тут ужо пабывала 
                      некалькі машынаў, грузавікоў, якія вывозілі абсалютна ўсё, 
                      што было ў дэманстрантаў. Я падкрэсьлю, што папярэдне сьцягі 
                      і транспаранты забралі людзі ў цывільным. Усё астатняе без 
                      разбору вывозіцца. Якраз зараз некалькі бульдозэраў зь некалькіх 
                      бакоў усё счышчаюць у адно месца.» 
                     «Апэрацыя, якую нават нельга назваць штурмам, скончылася 
                      ўсяго за дваццаць хвілінаў. Пасьля таго як людзей адвезьлі, 
                      яшчэ пэўны час стаяла ачапленьне міліцыі, але журналісты 
                      бачылі, што ў гэтае ачапленьне ўвайшлі людзі ў цывільным 
                      і таксама людзі, якія мелі бытавыя відэакамэры — звычайна 
                      такім камэрамі робяцца апэратыўныя здымкі на масавых мерапрыемствах. 
                      Дык гэтыя людзі пахадзілі пэўны час і выйшлі, потым зьнялі 
                      ачапленьні і дазволілі журналістам падыйсьці да таго месца, 
                      дзе знаходзіўся лягер.  
                    Калі супрацоўнікі камунальных службаў пачалі прыбіраць 
                      рэшткі лягеру, тыя людзі, якія там знаходзіліся зь ліку 
                      супрацоўнікаў, знайшлі гару пустых бутэлек — гэта былі бутэлькі 
                      ад гарэлкі, а таксама плястыкавыя бутэлькі ад піва. Яны 
                      былі неяк так складзеныя ў адну гару, ня вельмі акуратна, 
                      сканцэнтраваныя ў адным месцы. Журналісты адразу адзначылі, 
                      што якраз у тым сэктары лягеру якраз больш за ўсё прысутнічалі 
                      людзі ў цывільным і тыя, хто вёў апэратыўную здымку.  
                    На дадзены момант на плошчы знаходзяцца некалькі міліцыянтаў, 
                      журналістаў цяпер вельмі многа, болей за ўсіх — некалькі 
                      дзясяткаў чалавек, і некалькі супрацоўнікаў камунальных 
                      службаў. Якраз зараз гэтыя супрацоўнікі зьбіраюць у коўш 
                      экскаватара сьмецьце. Яны вельмі дакладна перабіраюць, дзе 
                      і што знаходзіцца. Бо тут вельмі шмат прыватных рэчаў — 
                      тэрмасы, вопратка, ежа. Фактычна, усіх пахапалі ў тым, у 
                      чым яны былі, палову зь іх пабудзілі. Апэрацыя не была імгненная, 
                      і людзям якія спалі ў намётах, далі час каб прачнуцца і 
                      ачуняць, каб яны маглі павылазіць з намётаў.  
                    Некалькі хвілінаў таму я размаўляў з адзіным хлопцам з 
                      намётавага гарадку, які ацалеў. яму ўдалося выбрацца — ён 
                      сказаў, што ніякага гвалту не было. Дзякуючы нейкай невядомай 
                      жанчыне, якая пад час ачапленьня зразумела, што лягера больш 
                      ня будзе, яна ўзяла ў рукі мэгафон, папрасіла не ўжываць 
                      гвалт і сказала, што ўсё зробім самі. Гвалту сапраўды не 
                      было, адзінае, калі ўжывалася сіла — гэта калі людзей запіхвалі 
                      ў аўтазакі і адвозілі.  
                    На момант штурму колькасьць людзей у гарадку стабілізавалася 
                      — у тры гадзіны ўночы новыя людзі не падыходзілі. Паводле 
                      ацэнак журналістаў, іх было крыху меней за 500 чалавек. 
                      Частка зь іх стаяла па пэрымэтры і бараніла лягер, частка 
                      адпачывала. Болей за ўсё стаялі хлопцы, адпачывалі дзяўчаты». 
                       
                     
                      
                     Радыё Свабода 
                      
                    На фото: палаточный городок после нападения, 
                      Минск, Октябрьская площадь, 24 марта 2006 
                     
                    
  |