Сёньня акцыі з нагоды Дня Волі і ў падтрымку 
                      ўдзельнікаў дэманстрацыяў у Менску адбыліся і яшчэ цяпер 
                      адбываюцца (да 21 паводле менскага часу) у шэрагу эўрапейскіх 
                      сталіцаў — Парыжы, Брусэлі, Стакгольме, Варшаве, Вiльнi. 
                     Першая акцыя пачалася ў Брусэлі прыкладна аб 11 гадзіне. 
                      Каля 20 чалавек прыйшлі на плошчу імя Робэрта Шумана ў цэнтры 
                      бэльгійскай сталіцы зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і сталі 
                      насупраць будынкаў, дзе месьціцца кіраўніцтва галоўных структураў 
                      Эўразьвязу.  
                    Гаворыць Ігар Лазарчук.  
                    (Лазарчук: ) «У Бэльгіі шмат пішуць пра Беларусь і ролю 
                      Расеі, якая падтрымлівае рэжым Беларусі. Ёсьць меркаваньні, 
                      што Расея не павінна ў сувязі з гэтым уваходзіць у склад 
                      G8. Мы інфармуем бэльгійцаў у часе пікету менавіта пра гэтую 
                      ролю Масквы, дзякуючы якой рэжым трымаецца».  
                    Між тым у цэнтры Стакгольму прадстаўнікі Зьвязу Беларусаў 
                      Швэцыі таксама правялі акцыю ў гонар Дня Волі. У часе мітынгу 
                      быў зачытаны зварот старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы, прысутныя 
                      пазнаёміліся таксама з гісторыяй паўстаньня Беларускай Народнай 
                      Рэспублікі. Гаворыць сустаршыня Зьвязу Беларусаў Швэцыі 
                      Алесь Ліцьвінчык.  
                    (Ліцьвінчык: ) «Мы выйшлі падтрымаць акцыю, што адбываецца 
                      ў Менску. Патрымаць тых патрыётаў, якія ў турмах, падтрымаць 
                      іхных сваякоў. Мы хочам паказаць, што нават калі мы далёка, 
                      мы спрабуем рабіць усё магчымае, каб перамагчы дыктатарскі 
                      рэжым». 
                    Падобная акцыя прайшла таксама ў Парыжы.  
                    Сьвяточныя акцыі салідарнасьці зь беларусамі адбываюцца 
                      таксама ў Варшаве — там некалькі канцэртаў, адбудзецца мітынг 
                      каля амбасады. 
                      
                     Аляксей Дзікавіцкі 
                      Радыё Свабода 
                      
                       
                     |