26 сакавіка на цэнтральнай плошчы канадзкага 
                      гораду Таронта перад гарадзкой управай адбыўся шматлюдны 
                      мітынг, прысвечаны 88-м угодкам БНР і ў знак пратэсту супраць 
                      гвалту і перасьледаў ў Беларусі. На ім выступілі старшыня 
                      Рады БНР Івонка Сурвіла, сакратар прэм’ер-міністра Канады 
                      Джэйсан Кэні, дэпутаты парлямэнту Борыс Вжэсьнеўскі і Пэгі 
                      Нэш, пісьменьніца Вольга Іпатава і іншыя. 
                     «Мы ведаем, як цяжка давялося пераадольваць наступствы 
                      таталітарызму на Украіне, і мы будзем пераконваць нашых 
                      парламентароў больш увагі удзяляць такім жа працэсам у Беларусі» 
                      — сказаў Борыс Вжэснеўскі.  
                    Мітынг пачаўся гімнам «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», а 
                      закончыўся радкамі песьні «Магутны Божа», якія спявалі ня 
                      толькі удзельнікі гурту «Яваровыя людзі» са Згуртаваньня 
                      беларусаў Канады, але і ўся плошча. Арганізатары мітынгу 
                      падрыхтавалі вялікія стэнды з фатакарткамі апошніх гвалтоўных 
                      дзеянняў улад Беларусі, каля якіх тоўпілася мноства людзей. 
                      «Мы з вамі, беларусы!» — гаварылі канадыйцы, што таксама 
                      прыйшлі на мітынг у падтрымку дэмакратыі ў краіне «апошняй 
                      дыктатуры ў Еўропе».  
                      
                    Канада заявіла, што скарачае стасункі з Беларусьсю ў сувязі 
                      з ўжываньнем гвалту беларускімі ўладамі супраць мірных дэманстрантаў 
                      і затрыманьнямі ўдзельнікаў акцый. 
                     Міністар замежных справаў Канады Пітэр Макей паведаміў, 
                      што ён выклікаў амбасадара Беларусі, каб выказаць яму асуджэньне 
                      Атавы таго, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі не былі свабоднымі 
                      і справядлівымі. Кіраўнік МЗС Канады назваў беларускія выбары 
                      “абсалютнай абразай дэмакратычных прынцыпаў».  
                    Міністар замежных справаў паведаміў, што Канада цяпер абмяжуе 
                      афіцыйныя стасункі зь Беларусьсю консульскімі дачыненьнямі, 
                      пытаньнямі, зьвязанымі з правамі чалавека і дэмакратычнага 
                      разьвіцьця, а таксама зь міжнароднай бясьпекай, накшталт 
                      зьнішчэньня наземных мінаў. Пітэр Макей таксама запатрабаваў 
                      вызваліць канадзкага журналіста, затрыманага ў Менску ў 
                      часе акцыі пратэсту. Фрэдэрык Левуа працаваў у Менску без 
                      акрэдытацыі МЗС Беларусі і быў затрыманы ў ноч на 24 сакавіка 
                      падчас ліквідацыі намётавага гарадку на Кастрычніцкай плошчы. 
                      У той жа дзень яго асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага 
                      арышту. Сям'я 23-гадовага канадзкага журналіста непакоіцца 
                      аб яго стане і звярнулася да канадзкіх уладаў з просьбай 
                      аказаць садзеяньне ў яго вызваленьні. Сваякі апасаюцца за 
                      здароўе Фрэдэрыка Левуа, паведамляе «Сі-бі-сі ньюс Манрэаль». 
                      
                     Радыё Свабода 
                      
                    На фото: митинг против насилия и репрессий 
                      в Беларуси, Торонто, Канада, 26 марта 2006 
                     
                     
                     |