Пасьля масавых арыштаў і судоў апошняга 
                      тыдня маці палітзьняволеных вырашылі аб’яднаць свае намаганьні. 
                      Да іх жадаюць далучыцца бацькі ды іншыя сваякі соцень беларускіх 
                      палітвязьняў, якія адбываюць цяпер адміністратыўнае й крымінальнае 
                      пакараньне, знаходзяцца пад сьледзтвам. 
                     Ініцыятыва стварэньня Камітэту маці палітвязьняў нарадзілася 
                      стыхійна ў чэргах ля сьцен турмаў, у судовых калідорах, 
                      калі сем’і арыштаваных прыхільнікаў перамен шукалі сваіх, 
                      абменьваліся паміж сабой інфармацыяй, разам віталі дзяцей 
                      ля турмы на Акрэсьціна, — паведаміла маці аднаго з палітвязьняў, 
                      Эла Гарэцкая.  
                    (Гарэцкая: ) «Праца будзе ў тым, каб падтрымліваць усіх, 
                      хто патрапляе ў турмы, усялякім чынам. Гэта шмат працы й 
                      надоўга».  
                    На гэты час ужо ўтварылася два выразныя колы такіх актывістак, 
                      зацікаўленых у стварэньні сваёй структуры. Сувязь паміж 
                      імі трымаецца пераважна на асабістых і тэлефонных кантактах, 
                      а празь дзень-два адбудзецца ўстаноўчы сход Камітэту маці 
                      палітвязьняў. Бліжэйшым часам яны зьбіраюцца сустракацца 
                      з прадстаўнікамі ААН, АБСЭ, Чырвонага крыжу.  
                    Гаворыць адна з ініцыятарак заснаваньня Камітэту жонка 
                      лідэра апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча Іна Кулей, сын якой, 
                      Ігар, адбывае адміністрацыйнае пакараньне, 15 сутак, за 
                      ўдзел у акцыях пратэсту супраць несумленных выбараў.  
                    (Кулей: ) «Ідэя паўстала ад некалькіх бацькоў. Сярод іх 
                      ёсьць выдатныя арганізатары й агітатары. Адна зь іх — з 
                      хлебазаводу (пакуль ня буду называць прозьвішча). Дык гэтая 
                      жанчына папросту мітынгі там наладжвала й расказвала, як 
                      яе, абсалютна не заангажаваную ў палітыку, сын навучыў не 
                      баяцца. Гэта народная ініцыятыва такая — з усіх па ніціне, 
                      як кажуць».  
                    Спадарыня Кулей мяркуе: пакуль што ўсе бацькі зацікаўлены 
                      адным — як даставіць сваім дзецям-палітвязьням харчовыя 
                      й рэчавыя перадачы. Аднак яна верыць, што згуртаваньне маці 
                      спатрэбіцца ня толькі цяпер, але й пазьней, калі рэпрэсіі 
                      супраць іхных дзяцей набудуць іншыя формы. Істотна, што 
                      Іна Кулей мае вялікі досьвед грамадзкай працы, і гатова 
                      дзяліцца сваімі высновамі.  
                    (Кулей: ) «Цяпер я бачу, што бацькі давяраюць мне й яшчэ 
                      пары-тройцы такіх жанчын. Гэта папросту такое лобі. Я думаю, 
                      што гэты камітэт самаарганізуецца й будзе дзейнічаць. І 
                      тая справа й праца, якую я рабіла ўсё жыцьцё (грамадзкая 
                      дзейнасьць — у нас жа быў такі інкубатар, цэнтар падтрымкі 
                      грамадзянскіх ініцыятываў), будзе дапамогай — каб людзі 
                      хутчэй маглі арганізавацца».  
                    Жонка арыштаванага лідэра апазыцыі Аляксандра Казуліна 
                      Ірына вітала гэтую ініцыятыву:  
                    (Казуліна: ) «Я за стварэньне такога камітэту. Лічу, што 
                      гэта вельмі правільна. Але там мусяць быць не абавязкова 
                      жанчыны — і мужчыны таксама. І не абавязкова толькі маці, 
                      а могуць быць і сябры асуджаных».  
                    Бацька зьняволенай студэнткі Эканамічнага ўнівэрсытэту 
                      Іван Вашкевіч таксама хоча далучыцца да гэтай структуры: 
                     
                    (Вашкевіч: ) «Яна будзе прыцягваць увагу да тых парушэньняў, 
                      што чыняцца. Па-другое, яна будзе папярэджваць такія факты 
                      — каб іх больш не было». 
                    
                      
                     Радыё Свабода 
                      
                     
                    
  |