У ліку ініцыятараў і заснавальнікаў — і 
                      людзі сталага веку, былыя гімназісты Віленскай беларускай 
                      гімназіі — Галіна Войцік, Яраслаў Станкевіч, Міраслава Русак, 
                      і беларускія грамадзкія дзеячы з розных арганізацыяў, студэнты. 
                      На рахунак ад першага дня рэгістрацыі пачалі прыходзіць 
                      ахвяраваньні. 
                     Рахунак фонду адкрыты грамадзкай арганізацыяй «Віленскі 
                      беларускі музэй імя І.Луцкевіча». Галоўная ініцыятарка і 
                      заснавальніца фонду Людзьвіка Вітушкава распавяла нашаму 
                      радыё, што гэта будзе і матар'яльная дапамога, і маральная 
                      падтрымка, якая аб'яднае і ўзмоцніць беларусаў.  
                    (Вітушкава: ) «У Беларусі ўзаемная дапамога вельмі разьвітая. 
                      Заўсёды, калі нешта здараецца у блізкага ці роднага чалавека, 
                      яму дапамагаюць. Мы зрабіліся цяпер адзінай сям'ёй, мы разам. 
                      Зьняволеных у Беларусі ужо звыш тысячы.  
                    Я вельмі спадзяюся на дапамогу, на тое, што да нашай ініцыятывы 
                      паставяцца з разуменьнем. Я вось мяркую па калегах на маёй 
                      працы. Кожную раніцу яны пытаюцца: ну, што там у Беларусі? 
                      На сёньняшні дзень найбольш важная праблема — падтрымка 
                      тых, хто пацярпелі ад рэпрэсіяў, арыштаў і іх сем'яў.» 
                    Фонд створаны, паводле заснавальнікаў, дзеля таго, каб 
                      даць магчымасьць большай колькасьці людзей далучыцца да 
                      дапамогі. Пасьля зьбіцьця мірных дэмантрантаў і арыштаў 
                      у Менску людзі, якія раней не цікавіліся палітыкай і грамадзкай 
                      дзейнасьцю, шукаюць магчымасьць дапамагчы тым, хто пацярпеў 
                      за праўду, і такіх людзей усё больш.  
                    (Вітушкава: ) «Гэтая ідэя зьявілася даўно, і не ў мяне 
                      адной. У тыя дні, калі нашая моладзь стаяла на плошчы, мы 
                      ужо пачыналі зьбіраць грошы і рэчы, ўжо тады хацелася дапамагаць 
                      ім.» 
                    Ідэю фонду падтрымалі іншыя арганізацыі ў Літве. У ліку 
                      першых — грамадзкая арганізацыя Аб'яднаны цэнтр беларускіх 
                      ініцыятываў, на сайце якой (www.jubic.org) можна знайсьці 
                      ўсю інфармацыю пра літоўскі фонд дапамогі пацярпелым ад 
                      рэпрэсіяў у Беларусі. Л.Вітушкава паведаміла, што на момант 
                      адкрыцьця рахунку ўжо былі першыя ахвяраваньні.  
                    (Вітушкава: ) «Першыя ўзносы зрабілі, натуральна, заснавальнікі. 
                      Так што першыя грошы ўжо на рахунку ёсьць, пачатак добрай 
                      справе пакладзены.» 
                    Паводле заснавальнікаў, сама ідэя такога фонду, як народнай 
                      ініцыятывы, абвяргае абвінавачваньні беларускай улады ў 
                      тым, што ўдзельнікам акцыяў пратэсту плацілі замежныя дзяржавы. 
                     
                    (Вітушкава: ) «У беларускіх лукашэнкаўскіх мас-мэдыях гавораць, 
                      што тым людзям, якія выходзяць на мітынгі, пратэстуюць супраць 
                      фальсіфікацыяў на прэзыдэнцкіх выбарах, нібыта плацяць грошы. 
                      Гэта няпраўда. Я са сваёй сям'ёй набыла візы, страхоўкі, 
                      білеты — усё самі — і мы прыехалі ў Менск, каб быць разам 
                      з усімі. Мы зрабілі для сябе сьвята, мы былі з самай лепшай 
                      часткай нашага народу, мы спаткалі там сваіх сяброў. Мы 
                      пабачылі, як нас разам багата. А што да дапамогі з боку 
                      Эўразьвязу і іншых краінаў, то гэтага ніхта і не хавае — 
                      гэтыя грошы не выдзяляюцца канкрэтным людзям, яны ідуць 
                      на разьвіцьцё радыё, тэлевізіі, і гэтак далей. У гэтым няма 
                      нічога заганнага. Гэта цалкам нармальна для чалавека дэмакратычных 
                      паглядаў, які шануе сваё і паважае погляды іншых. Такому 
                      чалавеку таксама баліць за тое, што недзе б'юць людзей, 
                      чыняць гвалт.» 
                     
                      
                     Тацяна Поклад 
                      Радыё Свабода 
                     
                     
                     |