Сёньня адбылося арганізацыйнае паседжаньне 
                      Грамадзкага камітэту ў абарону рэпрэсаваных, які будзе займацца 
                      падтрымкай выключаных з ВНУ і звольненых з працы апанэнтаў 
                      дзейнай улады. Камітэт зьбіраецца зарэгістравацца ў Мін'юсьце 
                      і наладзіць сувязі з замежнымі арганізацыямі, што прапануюць 
                      дапамогу беларускім палітвязьням і людзям, што пацярпелі 
                      за палітычныя меркаваньні. 
                     У Грамадзкі камітэт у абарону рэпрэсаваных увайшлі прадстаўнікі 
                      Задзіночаньня беларускіх студэнтаў, праваабарочнгага цэнтру 
                      «Вясна», выбарчага штабу А.Мілінкевіча, Камітэту бацькоўскай 
                      салідарнасьці.  
                    Камітэт адкрыты і для іншых структур і грамадзян. Узначаліла 
                      новую структуру жонка Аляксандра Мілінкевіча Іна Кулей. 
                      Пра заснавальнікаў новай арганізацыі яна сказала:  
                    ( Кулей: ) «Гэта прафэсійныя, падрыхтаваныя людзі, якія 
                      адчуваюць адказнасьць і ведаюць, як можна дамагчыся карысьці, 
                      не баючыся перашкод з боку ўлады. Ну, а бацькі палітвязьняў, 
                      — гэта людзі, якія даўно пераступілі страх, якія ганарацца 
                      сваімі дзецьмі, якія таксама зробяць усё і дойдуць да кожнага, 
                      каб дапамагчы тым, хто сёньня ў бядзе».  
                    Спадарыня Кулей зазначыла, што камітэт будзе займацца падрыхтоўкай 
                      да накіраваньня на вучобу за мяжу выключаных зь беларускіх 
                      ВНУ студэнтаў, матэрыяльнай дапамогай сем’ям палітвязьняў 
                      і звольненых з працы, арганізацыяй мэдыцынскай рэабілітацыі 
                      зьбітых дэманстрантаў. Апрача таго спадарыня Кулей лічыць 
                      неабходным наладжваць сувязі з замежнымі камітэтамі ў абарону 
                      беларускіх палітвязьняў.  
                    Іна Кулей кажа, што будзе імкнуцца зарэгістраваць ў Мін'юсьце 
                      новаствораны Грамадзкі камітэт як рэспубліканскую арганізацыю. 
                     
                    У аб’яднаньне ўвайшла маці аднаго зь нядаўніх вязьняў жодзінскай 
                      турмы Ала Кароль:  
                    (Ала Кароль: ) «Гэта не пасада ніякая, гэта пакліканьне 
                      душы. Я сустракаюся і размаўляю зь вельмі многімі мамамі, 
                      і ўсе цяпер у складаным маральным стане. Мне нават падаецца, 
                      што дзеці, якія выходзяць, як мой сын, які вярнуўся пасьля 
                      10 сутак, яны сябе больш упэўнена адчуваюць, чым бацькі. 
                      Мы хочам дапамагчы і дзецям, і бацькам».  
                    Віктар Івашкевіч, які прадстаўляе ў Грамадзкім камітэце 
                      штаб Мілінкевіча, паведаміў, што на сёньня сабрана каля 
                      дваццаці анкет людзей, якіх ужо выгналі з вучобы ці працы 
                      за ўдзел у акцыях супраціву, і што каля 100 студэнтаў, якія 
                      былі асуджаныя за гэта, застаюцца пад пагрозай адлічэньня. 
                     
                    Колькасьць вучэбных месцаў у Польшчы, Літве, Чэхіі для 
                      адлічаных беларускіх студэнтаў ужо сягае пяцісот.  
                    Ёсьць таксама магчымасьці працаўладкаваньня звольненых 
                      паводле палітычных матываў празь бізнэс-каналы ды арганізацыі 
                      стажыровак пры замежных унівэрсытэтах для тых зь іх, хто 
                      мае вышэйшую адукацыю, — паведаміў спадар Івашкевіч. 
                     
                      
                     Радыё Свабода 
                      
                     
                    
  |