Польскі Зьвяз на карысьць дэмакратыі ў 
                      Беларусі падрыхтаваў ліст салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі, 
                      які падпісалі дзясяткі вядомых людзей, у тым ліку і старшыня 
                      Эўрапарлямэнту Жазэп Барэль. Ліст гэтымі днямі будзе накіраваны 
                      Аляксандру Мілінкевічу. 
                     У лісьце гаворыцца, што ў Беларусі арышты і зьбіцьцё ўдзельнікаў 
                      мірных акцыяў пратэсту, іх звальненьне з працы і шантаж 
                      сталіся «штодзённай справай», а сама Беларусь «застаецца 
                      апошняй дыктатурай у Эўропе, дзе «груба парушаюцца правы 
                      чалавека».  
                    «Грамадзкі ўздым у Беларусі, які мы бачылі апошнім часам, 
                      давядзе да таго, што Беларусь стане вольнай і незалежнай 
                      дзяржавай, беларускі народ скіне таталітарнае ярмо і далучыцца 
                      да сям’і дэмакратычных эўрапейскіх народаў. У гэты час мы 
                      выказваем салідарнасьць зь беларускім народам, які змагаецца 
                      за свабоду, а змагацца за свабоду мае права кожны чалавек. 
                      Мы хочам перадаць вам слова і ідэю, дзякуючы якім наша краіна 
                      стала вольнай, гэта слова салідарнасьць», — гаворыцца ў 
                      звароце.  
                    Старшыня Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі Антось 
                      Цялежнікаў сказаў «Радыё Свабода»:  
                    (Цялежнікаў: ) «Гэта ліст салідарнасьці з усімі беларускімі 
                      патрыётамі, палітычнымі вязьнямі, якія былі арыштаваныя 
                      ў часе перадвыбарчай кампаніі, а таксама ў пэрыяд ад 19 
                      па 25 сакавіка. Ліст падпісалі знаныя польскія і замежныя 
                      палітыкі, але таксама і прадстаўнікі польскай інтэлігенцыI». 
                     
                    Ліст, сярод іншых, падпісалі старшыня Эўрапейскага парлямэнту 
                      Жазэп Барэль, расейскі палітык Грыгоры Яўлінскі, а таксама 
                      легендарны паплечнік Леха Валэнсы Генрык Вуец.  
                      
                    Аляксей Дзікавіцкі 
                      Радыё Свабода 
                     
                     
                    
  |