Сёньня ў нашай краіне пануюць гвалт, хлусьня 
                      і цемрашальства. Журналісты дзяржаўных СМІ вядуць «духоўную» 
                      вайну супраць усяго цывілізаванага сьвету і ўласнага народу. 
                      А нашы міліцыянты сталіся адзінай крыніцай «праўдзівых» 
                      сьведчаньняў у судах. 
                    Як паказалі арышты сотняў людзей, нязгодных з вынікамі 
                      прэзыдэнцкіх выбараў, у краіне сапраўды дзейнічае прынцып 
                      «аднаго акна». Празь яго зьняволеным падаюць у турмах баланду. 
                    Хлусьня — гэта не адсутнасьць праўды. Гэта калі яе выдаюць 
                      за праўду. А каб у такую «праўду» паверылі, улада зачыняе 
                      незалежныя выданьні. Журналістаў, якія працуюць у іх, зьбіваюць 
                      і арыштоўваюць. Звычайнай практыкай зьяўляюцца звальненьні 
                      з працы і выключэньні з навучальных установаў паводле палітычных 
                      матываў. 
                    Рэжым, відавочна, хоча ўтрымацца на брутальнай сіле і запалохваньні 
                      людзей. Але пасьля 19 сакавіка 2006 году ў грамадзтве адбыўся 
                      зрух: беларусы прадэманстравалі волю да Свабоды. 
                    Мы, беларускія інтэлектуалы, людзі мастацтва і культуры, 
                      журналісты, зьвяртаемся да сваіх калег, усіх сумленных грамадзянаў 
                      Беларусі з заклікам не падтрымліваць дзеяньняў рэжыму, скіраваных 
                      супраць уласных грамадзянаў, дэмакратычных каштоўнасьцяў, 
                      нашай культуры і мовы. 
                    Ня бойцеся! Перамога Свабоды непазьбежная. 
                    Жыве Беларусь! 
                    Валянцін Акудовіч, філёзаф; Алесь Анціпенка, 
                      філёзаф; Уладзімер Арлоў, пісьменьнік; Зінаіда Бандарэнка, 
                      народная артыстка Беларусі; Рыгор Барадулін, народны паэт 
                      Беларусі; Лявон Баршчэўскі, перакладчык; Лявон Вольскі, 
                      рок-музыка; Радзім Гарэцкі, акадэмік; Сяргей Дубавец, журналіст; 
                      Максім Жбанкоў, кінакрытык; Кася Камоцкая, сьпявачка; Аляксандар 
                      Кульлінковіч, рок-музыка; Аляксей Марачкін, мастак; Генадзь 
                      Сагановіч, гісторык; Віталь Сіліцкі, палітоляг; Аляксандар 
                      Старыкевіч, журналіст; Валянцін Тарас, пісьменьнік; Валянціна 
                      Трыгубовіч, мастацтвазнаўца; Андрэй Хадановіч, паэт 
                      
                    Упершыню зварот надрукаваны на старонках «Нашай 
                      Нівы» 
                     
                    
  |