«Міжнародная амністыя» зьвяртае ўвагу Лукашэнкі на правы чалавека

11.04.2006

З нагоды інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі на трэці прэзыдэнцкі тэрмін генэральны сакратар “Міжнароднай амністыі” Айрын Кан накіравала ліст кіраўніку Беларусі.

У ім увага адрасата зьвяртаецца на парушэньні правоў чалавека ў Беларусі. У звароце падкрэсьліваецца, што нягледзячы на тое, што Беларусь ёсьць краінай, якая падпісала Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, у ёй назіраюцца шматлікія выпадкі парушэньня правоў на свабоду выказваньня і свабоду. Шмат людзей у Беларусі — гаворыцца ў лісьце — патрапілі за краты з-за сваіх палітычных поглядаў.

У звароце гаворыцца пра перасьлед праваабаронцаў, у якасьці прыкладу прыводзіцца лёс апошняй легальнай праваабарончай арганізацыі «Беларускі Хэльсынскі камітэт» , якому пагражае закрыцьцё. Кіраўнічка «Міжнароднай амністыі» падкрэсьлівае, што паводле зьвестак арганізацыі ня менш як адзін сьмяротны прысуд быў выкананы ў Беларусі ў 2005 годзе. Адна з галоўных мэтаў «Міжнароднай амністыі» — скасаваньне сьмяротнага пакараньня ва ўсім сьвеце.

У лісьце да Аляксандра Лукашэнкі нагадваецца таксама пра лёс 4 зьніклых грамадзкіх дзеячоў і палітыкаў. Адрасат заклікаецца да правядзеньня незалежнага дасьледаваньня гэтых зьнікненьняў і пакараньня адказных за гэтыя злачынствы.

 


Радыё Свабода