Швайцарыя далучылася да санкцыяў Эўрапейскага 
                      зьвязу супраць беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэньні 
                      правоў чалавека і фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 
                      і таксама забараніла ім уезд на сваю тэрыторыю. 
                     Прадстаўнік Фэдэральнага дэпартамэнту замежных справаў 
                      Швайцарыі Жан-Філіп Жэнэро патлумачыў, што рашэньне швайцарскіх 
                      уладаў не пускаць на сваю тэрыторыю беларускіх чыноўнікаў, 
                      адказных за парушэньні правоў чалавека і фальсыфікацыі вынікаў 
                      выбараў, зьвязанае з «адсутнасьцю свабоды ў гэтай былой 
                      савецкай рэспубліцы».  
                    У такой сытуацыі, Швайцарыя падтрымлівае санкцыі Эўрапейскага 
                      зьвязу, у склад якога сама не ўваходзіць.  
                    Швайцарскія ўлады яшчэ 27 сакавіка ў адмысловай заяве заклікалі 
                      беларускія ўлады неадкладна вызваліць палітзьняволеных, 
                      спыніць парушэньні правоў чалавека і забясьпечыць сваім 
                      грамадзянам права на свабоду слова і сходаў.  
                    «Фэдэральны дэпартамэнт замежных справаў Швайцарыі афіцыйна 
                      заклікае беларускія ўлады выконваць свае міжнародныя абавязацельствы 
                      што да падставовых правоў і свабодаў чалавека. Калі палітычная 
                      сытуацыя ў Беларусі не палепшыцца хутка і на працяглы час, 
                      Швайцарыя будзе разглядаць магчымасьць увядзеньня мэтанакіраваных 
                      санкцыяў супраць Беларусі», — гаворыцца ў заяве швайцарскх 
                      уладаў.  
                      
                    Аляксей Дзікавіцкі 
                      Радыё Свабода 
                       
                     
                     
                     |