Уплывовы аналітычны тыднёвік Jane's Defense 
                      Weekly сёньня апублікаваў артыкул пра магчымыя транзытныя 
                      пастаўкі расейскай ракетнай зброі праз Беларусь у Іран. 
                      Падазрэньні аналітыкаў часопіса факусуюцца на нядаўняй дамове 
                      аб продажы Беларусі расейскіх комплексаў сэрыі С-300, якія 
                      як мяркуюць аналітыкі, і могуць неўзабаве трапіць у Іран. 
                     Аналіз часопісу Jane's Defense Weekly грунтуецца перш 
                      за ўсё на зьвестках выведкі і інфармацыі з надзейных крыніц. 
                      Яны сьведчаць, што Беларусь верагодна рыхтуецца да рээкспарту 
                      расейскіх вайсковых тэхналёгіяў у Іран.  
                    Часопіс бярэ пад увагу тое, што раней Беларусь і Ўкраіна 
                      былі заўважаныя ў тайных пастаўках зброі і тэхналёгій падвойнага 
                      прызначэньня ў краіны-ізгоі, напрыклад, пасьля Аранжавай 
                      рэвалюцыі ва Ўкраіне быў выкрыты скандальны факт продажу 
                      расейскіх ракет у Кітай і Іран атачэньнем былога прэзыдэнта 
                      Леаніда Кучмы.  
                    Як піша часопіс, Беларусь з пачатку 2005 году вяла інтэнсіўныя 
                      перамовы з Расеяй аб пакупцы апошняй, найбольш удасканаленай 
                      вэрсіі супрацьракетных комплексаў С-330 SP. Паводле інфармаваных 
                      крыніцаў, на якія спасылаецца амэрыканскі тыднёвік, кантракт 
                      на пастаўку пэўнай колькасьці такіх комплексаў быў падпісаны 
                      летам мінулага году, а ягоная рэалізацыя была заплянаваная 
                      на канец мінулага — пачатак гэтага году.  
                    Вайсковыя аналітыкі аднак перакананыя, што Беларусь ня 
                      мае пільнай неабходнасьці ў такіх комплексах. Нягледзячы 
                      на рост міжнароднага ціску на Лукашэнку пасьля ягонай сумнеўнай 
                      перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах 19 сакавіка, ніхто ў сьвеце 
                      не разглядае патэнцыйнай магчымасьці атакаваць апошняга 
                      дыктатара Эўропы зь неба.  
                    Часопіс далей згадвае пра студзеньскі візыт у Менск дэлегацыі 
                      высокапастаўленых іранскіх палітыкаў і вайскоўцаў. Паводле 
                      крыніцаў выданьня, пад час гэтага візыту абмяркоўвалася 
                      пастаўка зь Беларусі расейскіх супрацьпаветраных комплексаў 
                      С-330 SP, якія патрэбныя Ірану, каб абараніцца ад патэнцыйных 
                      удараў ЗША і Ізраіля.  
                    Апошнім часам адносіны Ірану з Захадам рэзка абвастрыліся 
                      з-за ягонай спрэчнай ядзернай праграмы. Ракетныя комплексы 
                      патрэбныя Ірану, каб абараніць сетку сваіх падземных камунікацыяў 
                      і ядзерных лябараторыяў.  
                    З другога боку Расеі, якая застаецца галоўным пастаўшчыком 
                      ядзерных тэхналёгіяў у Іран, і з-за гэтага мае шмат клопату 
                      ў перамовах з Захадам, выгадней прадаваць Ірану ракетныя 
                      комплексы не наўпрост, а праз ізаляваны беларускі рэжым, 
                      — піша Jane`s Defense Weekly. Бо Беларусь і так мае рэпутацыю 
                      пастаўніка зброі краінам, у дачыненьні якіх дзейнічаюць 
                      міжнародныя эмбарга.  
                    Амэрыканскія аналітыкі пішуць, што любая прыкмета вельмі 
                      рызыкоўнага ракетнага кантракту Менску з Тэгеранам будзе 
                      пільна дасьледавацца з боку Захаду, а прэзыдэнт Расеі Ўладзімер 
                      Пуцін патрапіць пад моцны міжнародны ціск з патрабаваньнем 
                      заблякаваць пастаўкі ракетных комплексаў у Беларусь. 
                      
                     
                      Валер Каліноўскі 
                      Радыё Свабода 
                     
                     
                     
                     
                     
                     |