Сёньня, як і кожны месяц 16-га чысла, беларуская 
                      моладзь правяла шэраг акцыяў, адзначаючы дзень салідарнасьці. 
                      У Менску адбыўся пікет за вызваленьне Аляксандра Казуліна, 
                      пікет насупраць будынку КДБ, а таксама пікет ля расейскай 
                      амбасады. 
                      
                     Каля расейскай амбасады сабралася больш за сотню чалавек. 
                      Маладыя людзі трымалі ў руках сьвечкі як знак салідарнасьці 
                      з палітзьняволенымі. Яны выказвалі свой пратэст супраць 
                      той падтрымкі, якую Уладзімір Пуцін аказвае беларускаму 
                      рэжыму. За акцыяй назіралі прадстаўнікі кіраўніцтва міліцыі. 
                     
                      
                    Раней насупраць будынку КДБ адбыўся флэш моб: маладыя людзі 
                      запоўнілі сквэр імя Дзяржынскага з асобнікамі беларускай 
                      Канстытуцыі, зь якой яны ўголас чыталі артыкулы, што гарантуюць 
                      свабоду сходаў, мітынгаў, свабоду выказваньняў. Удзельнікі 
                      таксама чыталі ўслых артыкулы з Выбарчага кодэксу. Спэцназ 
                      і міліцыя ачапілі сквэрык, аднак, на гэты раз абыйшлося 
                      без затрыманьняў.  
                      
                    Другі дзень у парку Дружбы народаў і ў лесапарку імя 50-годзьдзя 
                      БССР стаяць пікеты ў абарону экс-кандыдата на прэзыдэнта 
                      Аляксандра Казуліна.  
                      
                    Сёньня побач з актывістамі штабу Казуліна сталі людзі ў 
                      паўвайсковай вопратцы. Яны раздавалі мінакам улёткі і трымалі 
                      плякаты «сёньня — чорны эмігрант, заўтра — чорны акупант». 
                      Маёр міліцыі Савецкага РУУС папярэдзіў казулінцаў, што побач 
                      зь імі адбудзецца пікет супраць мігрантаў з краінаў Цэнтральнай 
                      Азіі і Блізкага Ўсходу. Упершыню ў Беларусі адбыўся пікет 
                      такога кшталту. 
                      
                    Радыё Свабода 
                     
                     
                     
                     
                     |