Увечары 15-га красавіка віцебская моладзь 
                      зладзіла флэш-моб на Усьпенскай горцы — на стромкім беразе 
                      Дзьвіны, каля крыжа, усталяванага тут у гонар сьвятога пакутніка 
                      за веру Язафата Кунцэвіча. 
                     Удзельнікі акцыі дамовіліся паміж сабою празь віцебскі 
                      інтэрнэт-форум, і сфармулявалі мэту палітычнага флэш-мобу 
                      наступным чынам: «15 хвілін маўчаньня на знак пратэсту супраць 
                      уладаў і ўсяго, што яна рабіла за апошні час, на знак жалобы 
                      і салідарнасьці з тымі, хто пацярпеў ад рэпрэсіяў, на знак 
                      непрызнаньня вынікаў выбараў і ўдзелу ў іх Лукашэнкі. Памятайма 
                      таксама, што 15-га красавіка — гэта Вялікая Субота ў каталікоў, 
                      перад самым Вялікаднём. Зьвязваем у сваіх думках уваскрасеньне 
                      Хрыста з адраджэньнем Радзімы і з вызваленьнем усіх вязьняў 
                      сумленьня».  
                    Каля сарака чалавек прыйшлі да крыжа а 9-й вечара і запалілі 
                      сьвечкі. За іхнымі дзеяньнямі маўкліва назіралі пяцёра міліцыянтаў, 
                      яшчэ некалькі службовых міліцэйскіх машын патрулявалі усе 
                      падыходы да Усьпенскай горкі. Акцыя працягвалася 15-20 хвілін, 
                      пасьля чаго маладыя людзі разышліся, і міліцыянты нікога 
                      не затрымалі. 
                      
                    Радыё Свабода 
                     
                     
                     
                     
                     |