Заява 
                       
                      Праваабарончы цэнтр «Вясна» пратэстуе супраць таго, што 
                      крымінальны перасьлед у сённяшняй Беларусі выкарыстоўваецца 
                      як сродак барацьбы рэжыму Аляксандра Лукашэнкі з палітычнымі 
                      апанентамі і іншадумцамі. Мы вымушаныя канстатаваць, што 
                      Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь стаў інструментам 
                      для ажыццяўлення палітычных рэпрэсіяў у краіне. 
                       
                      На дадзены момант у турмах Беларусі па палітычных матывах 
                      пад вартай знаходзяцца дзесяць чалавек, каля дзвух дзесяткаў 
                      чалавек праходзяць у якасьці падазраваных і абвінавачваных 
                      па крымінальных справах, узбуджаных падчас і пасьля кампаніі 
                      па выбарах Прэзідэнта. Сярод арыштаваных — кандыдат у Прэзідэнты 
                      Рэспублікі Беларусь Аляксандр Казулін, актывіст перадвыбарчага 
                      штабу А. Казуліна Юры Радзівіл, актывісты перадвыбарчага 
                      штабу А. Мілінкевіча Сяргей Ляшкевіч і Мікалай Разумаў, 
                      актывісты грамадзянскай ініцыятывы «Партнёрства» Аляксандр 
                      Шалайка, Цімафей Дранчук, Эніра Браніцкая і Мікалай Астрэйка, 
                      актывіст арганізацыі «Зубр» Мікіта Сасім, моладзевы актывіст 
                      Артур Фінькевіч. 
                       
                      Асаблівую занепакоенасьць Праваабарончага цэнтру «Вясна» 
                      выклікае лёс моладзевага актывіста Артура Фінькевіча, які 
                      з 30 студзеня 2006 году знаходзіцца пад вартай у СІЗА г. 
                      Мінска. А. Фінькевіч быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі 
                      за напісаньне палітычных графіці ў г. Мінску. Ён абвінавачваецца 
                      адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу Рэспублікі 
                      Беларусь - ч.2 арт. 339 (злоснае хуліганства) і ч.3 арт. 
                      218 (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасьці). Па 
                      апошнім артыкуле Артуру пагражае пазбаўленне волі ад 7 да 
                      12 гадоў, прычым па дадзеным артыкуле вынясенне прысуду 
                      з адтэрміноўкай выкананання не прадугледжваецца. Матэрыялы 
                      крымінальнай справы ўжо перададзеныя ў суд, які павінен 
                      адбыцца на працягу наступнага месяца. Мы лічым арышт Артура 
                      Фінькевіча палітычна матываваным, звязаным з ягонай актыўнай 
                      грамадска-палітычнай дзейнасьцю.  
                       
                      Улічваючы сурьёзнасць абвінавачванняў у адрас актывістаў 
                      грамадска-палітычных і моладзевых рухаў, Праваабарончы цэнтр 
                      «Вясна» заклікае: 
                       
                      грамадзянаў Беларусі — праявіць салідарнасьць з палітычнымі 
                      вязнямі; 
                       
                      прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый і палітычных партыяў 
                      Беларусі — выкарыстаць усе магчымыя механізмы, скіраваныя 
                      на прадухіленне асуджэння беларускіх грамадзянаў па палітычных 
                      абвінавачаннях; 
                       
                      прадстаўнікоў міжнароднай супольнасці — выкарыстаць усе 
                      магчымыя механізмы з мэтай аказаньня міжнароднага ціску 
                      на беларускі рэжым дзеля прадухілення палітычнай расправы 
                      над апанентамі рэжыму ў Беларусі.  
                     
                     
                     |