Першае паседжаньне Міжнароднага грамадзкага 
                      суду, які разгледзіць абвінавачаньні на адрас рэжыму Аляксандра 
                      Лукашэнкі, мяркуецца правесьці сёлета ў верасьні. Пра гэта 
                      падчас прэсавай канфэрэнцыі ў Менску заявіў ініцыятар стварэньня 
                      такога суду, лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль 
                      Лябедзька. 
                     Паводле спадара Лябедзькі, разглядаецца некалькі варыянтаў 
                      месца правядзеньня першага паседжаньня суду — Вільня, Кіеў, 
                      Варшава, Масква і Менск. Падрыхтоўку абвінавачаньня ўжо 
                      пачалі дасьведчаныя юрысты. Для гэтага будуць скарыстаныя 
                      таксама юрыдычныя дакумэнты групы Віктара Ганчара і прэзыдыюму 
                      Вярхоўнага Савету 13 скліканьня.  
                    (Лябедзька: ) «Яно будзе ўключаць, як мінімум, дзясяткі, 
                      максымум — сотні эпізодаў, канкрэтных сытуацыяў. Падчас 
                      першага паседжаньня будзе абавязковым разгляд антыканстытуцыйнага 
                      перавароту 1996 году, выкраданьні й палітычныя забойствы, 
                      магчыма, падзеі 19—25 сакавіка ў Менску. Асноўная місія 
                      грамадзкага суду — паказаць, якой ёсьць прырода беларускага 
                      рэжыму. Трэба пазбаўляць людзей ня толькі ўнутры Беларусі, 
                      а і за яе межамі ад мітаў, якія створаныя, ад ілюзіяў». 
                     
                    Ініцыятары ўжо заручыліся падтрымкай прэзыдэнта Літвы Валдаса 
                      Адамкуса і разьлічваюць далучыць да працы Вацлава Гаўла, 
                      Леха Валэнсу, Аляксандра Квасьнеўскага, вядомых расейскіх 
                      праваабаронцаў. Таксама мяркуецца ўдзел міжнародных праваабарончых 
                      арганізацыяў «Amnestу International» і «Human Rights Watch». 
                      Паводле спадара Лябедзькі, літоўскія дэпутаты выказвалі 
                      прапанову перавесьці дзейнасьць суду ў рамкі Рады Эўропы. 
                      Анатоль Лябедзька не выключае, што матэрыялаў суду можа 
                      хапіць для разгляду ў міжнародным трыбунале.  
                    (Лябедзька: ) «Гэта будзе ў фармаце слуханьняў, куды будуць 
                      запрашацца розныя бакі. Безумоўна, што позва будзе накіраваная 
                      і Лукашэнку. Па іншых справах — Шэйману, Навумаву, Сівакову. 
                      Будзе вынесенае рашэньне не прамога дзеяньня. Усё гэта будзе 
                      фармаваць грамадзкую думку ўнутры краіны і за яе межамі. 
                      Нішто не забыта, і ніхто не забыты. Усё гэта спатрэбіцца 
                      ўжо ў працэсах грамадзянскіх, якія пачнуцца ў самой Беларусі». 
                     
                    Паводле спадара Лябедзькі, суд будзе выносіць рашэньні 
                      прававога, палітычнага і маральнага характару. Акрамя таго, 
                      партыйцы выказаліся за стварэньне грамадзянскай ініцыятывы 
                      «Салідарнасьць дзеля свабоды», мэта якой — вызваленьне ўсіх 
                      палітвязьняў.  
                    (Лябедзька: ) «Мы маем намер накіраваць зварот да кожнага 
                      зь лідэраў васьмёркі, каб беларускае пытаньне было пастаўлена 
                      на парадак дня паседжаньня саміту, які адбудзецца ў Санкт-Пецярбургу, 
                      і каб складовай часткай было вызваленьне палітычных вязьняў 
                      у Беларусі». 
                      
                    Радыё Свабода 
                       
                     
                     
                     |