24 красавiка на Кастрычніцкім пляцы быў 
                      пастаўлены жоўта-блакітны намёт з чырвоным надпісам «Нас 
                      не спыніць». Намёт прастаяў дзьве хвіліны — людзі 
                      ў цывільным скінулі яго ў падземны пераход, зламалі і вынесьлі 
                      ў мэтро. За мужчынам, які нібыта меў дачыненьне да намёту, 
                      пагналіся міліцыянты... 
                     На Кастрычніцкім пляцы пасьля 19-ай гадзіны быў заўважаны 
                      кіраўнік палка міліцыі спэцыяльнага прызначэньня Юры Падабед. 
                      На падыходах і па пэрымэтры разьмеркаваліся пераапранутыя 
                      ў цывільнае супрацоўнікі міліцыі. А 8-й вечара яны правялі 
                      першае затрыманьне. Міліцыянты пазналі былога абаронцу намётавага 
                      гарадка Ільлю Шыманскага, які накіроўваўся на плошчу разам 
                      са сваімі сябрамі.  
                    (Дзяўчына: ) «Падабед ходзіць за намі літаральна па пятах. 
                      Залезьлі ў пакет, пабачылі лістоўкі — «Пройдзем!» 
                    (Юнак: ) «Калі я падышоў, то ўжо два спэцназаўцы ў камуфляжнай 
                      форме трэсьлі яго. Хацеў забраць сумку, але было позна. 
                      Ільля вось толькі 22-га красавіка выйшаў. Ён сядзеў 10 сутак, 
                      як толькі ўзялі намётавы гарадок, пасьля 7-га красавіка 
                      яго зноў тут узялі».  
                    (Другі юнак: ) «Яго прывялі вось сюды, да аркі, якая насупраць 
                      Палацу рэспублікі. Пад’ехаў мікрааўтобус, і яго ўпіхнулі 
                      туды».  
                    На момант прадрыхтоўкі матэрыялу дзяжурны Цэнтральнага 
                      райаддзелу міліцыі Менску пацьвердзіў, што Ільля Шыманскі 
                      знаходзіцца пад вартай. 
                      
                    Радыё Свабода 
                     
                     
                     
                     
                     
                     |