Польскі Зьвяз на карысьць дэмакратыі ў
Беларусі пачаў акцыю «Свабоду Мікіту Сасіму», якая палягае
ў высылцы як мага большай колькасьці лістоў зьняволенаму
актывісту руху «Зубр».
Зьвяз на карысьць дэмакратыі ў Беларусі распаўсюдзіў заяву,
у якой гаворыцца, што Мікіта Сасім, які ў часе акцыі пратэсту
замест адабранага ў яго міліцыянтамі бел-чырвога-белага
сьцягу ўзьняў над галавой джынсавую кашулю — а джынс
цяпер стаў сымбалем супраціву рэжыму Лукашэнкі — плаціць
за гэта вялікую цану.
«Яго моцна зьбілі супрацоўнікі АМОНу, так што Мікіта патрапіў
у шпіталь... а цяпер за апазыцыйную дзейнасьць яму пагражае
да 3 гадоў турэмнага зьняволеньня — хаця фармальна
абвінавачаньні іншыя. Мы ведаем, што ў гэтай цяжкай для
яго сытуацыі любая падтрымка звонку дадае сілаў і можа падтрымаць
дух», — адзначаецца ў заяве з заклікам пісаць лісты
да Мікіты ў Баранавіцкае СІЗА.
Паводле намесьніка старшыні Зьвязу Віталя Лоцманава, такая
акцыя можа быць эфэктыўнай.
(Лоцманаў: ) «Мы хочам, каб улады адчулі ўціск. Такія акцыі
маюць сэнс — гэта вядома з досьведу «Салідарнасьці»,
калі палітвязьняў завальвалі вялізнай колькасьцю лістоў
з Захаду. Часам улады альбо злагоджвалі ім умовы, альбо
ўвогуле выпускалі з турмаў».
Лісты ў СІЗА, дзе знаходзіцца Мікіта Сасім — гэта
не адзіная акцыя ў справе вызваленьня актывіста «Зубра».
Пра іншыя акцыі прадстаўнікі Зьвязу на карысьць дэмакратыі
ў Беларусі, аднак, пакуль не гавораць.
(Лоцманаў: ) «Будуць, канешне яшчэ іншыя акцыі, але пра
іх казаць пакуль заўчасна — не надышоў пакуль момант
на чарговы этап акцыяў у справе Мікіты».
Аляксей Дзікавіцкі
Радыё Свабода
|