У экспазыцыі пад назвай «Воблака» прадстаўлена
26 твораў жывапісу, графікі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва
ўдзельнікаў творчай супольнасьці «Пагоня» Беларускага саюза
мастакоў, прысьвечаная 20-годдзю катастрофы на Чарнобыльскай
АЭС. Адзін з ініцыятараў творчай акцыі, жывапісец Аляксей
Марачкін экспануе сваё палатно «Воблака», напісанае ў 1984
годзе — за два гады да Чарнобыля. Мастак паказаў фантастычнай
формы воблака, з якога на зямлю спусьцілася нейкая бяздушная
мэханічная істота з мноствам учэпістых канечнасьцей і драпежным
дзюбай, якая пакідае за сабой спустошаную апаленую прастору.
У інтэрвію БелаПАН А.Марачкін зазначыў, што «сымбалічная
назва выставы нагадвае пра радыяцыйнае воблака, якое 20
гадоў таму накрыла Беларусь». Мастак мяркуе, што чарнобыльская
трагедыя адбылася не толькі з-за галавацяпства і чыста тэхнічных
памылак, але і ў нейкай ступені зьяўляецца Божай карай за
чалавечыя грахі.
Свае работы прадставілі на выставе жывапісцы Віктар Шматаў
(«Пахаваньне вёскі», «Вясна ў чарнобыльскай зоне», «Старая
хатка») і Георгій Скрыпнічэнка («Палешукі! Як справы? Выдатна»,
«Памяркоўны», «Бацькам на Палесьсі»), а таксама графік Уладзімір
Крукоўскі (трыпціх плякатаў «Жыльлё», «Жыцьцё», «Культура»).
Жывапісец Генадзь Драздоў, чыя родная вёска ў Гомельскай
вобласці адселена, прадставіў палотны «У вырай» і «Разьвітальная
сьвечка». Свае работы дэманструюць чарнобыльцы-ліквідатары
Ігар Марачкін і Лявон Грышук.
Радыё Свабода
|