Літоўскіх парлямэнтароў не пусьцілі ў Беларусь. 
                      Амбасада Беларусі ў Літве адмовіла ў візах літоўскім парлямэнтарам, 
                      якія зьбіраліся ў Беларусь на мерапрыемствы, прысьвечаныя 
                      20-м угодкам Чарнобыльскай катастрофы. 
                     Беларускія ўлады не дазволілі прыехаць у краіну тром літоўскім 
                      парлямэнтарам — прадстаўнікам кіруючай кааліцыі Скірмантасу 
                      Пабедзінскасу і сацыял-дэмакрату Альгірдасу Палецкісу, а 
                      таксама Аўдронісу Ажубалісу, прадстаўніку парлямэнцкай апазыцыі 
                      і сябру парлямэнцкай групы «За дэмакратычную Беларусь». 
                     
                    Інфармацыйнае агенцтва «Дэльфі» паведаміла, што парлямэнтары 
                      зьвярнуліся па візы ў амбасаду Беларусі ў Літве загадзя, 
                      два тыдні таму, але дасюль ня мелі ніякага адказу. Толькі 
                      сёньня раніцай, перад самым плянаваным ад'ездам яны атрымалі 
                      паведамленьне амбасады Беларусі, што ім не дазволяць прыехаць 
                      у краіну.  
                    С.Пабедзінскас з партыі працы адзначае з іроніяй:  
                    (Пабедзінскас: ) «Напэўна Лукашэнка падумаў, што гэты візыт 
                      можа ўплываць на нацыянальную бясьпеку. Паколькі ў Беларусі 
                      чакаецца мітынг, напэўна, улады ня жадаюць, каб прадстаўнікі 
                      Літвы былі там».  
                    Парлямэнтары зь Літвы плянавалі ўдзельнічаць у афіцыйных 
                      мітынгах і мерапрыемствах, а таксама ў амбасадзе Літвы ў 
                      Менску сустрэцца зь літоўцамі, якія жывуць у Беларусі.  
                    С.Пабедзінскас і А.Ажубаліс былі ў ліку парлямэнтароў, 
                      якім не дазволілі прыехаць назіральнікамі на выбары 19 сакавіка 
                      без тлумачэньня прычынаў. Гэтым разам амбасада Беларусі 
                      ў Літве таксама не паведаміла, на якіх падставах літоўскім 
                      дэпутатам адмовілі ў візах. 
                     
                       
                      Тацяна Поклад 
                      Радыё Свабода 
                    
                     
                     
                     
                     
                     |