25 красавіка былі згорнутыя намёты каля 
                      амбасады Беларусі ў Варшаве, якія прастаялі там паўтары 
                      месяцы — актывісты Саюза на карысьць дэмакратыі ў Беларусі 
                      з намётаў перабраліся ў офіс, дзе адкрылі Беларускі інфармацыйны 
                      пункт. 
                     Намёт каля амбасады Беларусі ў Варшаве быў усталяваны 
                      14 сакавіка перадусім дзеля таго, каб інфармаваць палякаў 
                      пра апошнія падзеі ў Беларусі і каардынаваць шматлікія акцыі 
                      пратэсту, што адбываліся ў тыя дні каля будынку пасольства. 
                     
                    (Славамір: ) «Былі такія моманты, калі я пачаў сумнявацца, 
                      але неяк перажыў усё і надалей упэўнены, што быў тут у слушнай 
                      справе. Мы яшчэ не скончылі змаганьне, гэта была толькі 
                      адна бітва», — сказаў нашаму радыё 35-гадовы актывіст Зьвязу 
                      на карысьць дэмакратыі ў Беларусі Славамір, які дзяжурыў 
                      у намётах ад самога пачатку.  
                    Цягам гэтага часу намёты наведалі шмат вядомых людзей — 
                      прадстаўнікі ўраду, кіраўнікі польскага Сэйму і Эўрапейскага 
                      парлямэнту. Жыхарам намётаў дапамагалі і звычайныя палякі 
                      — жыхары суседніх дамоў прыносілі ім гарачую ежу.  
                    Адзін зь лідэраў Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі 
                      Віталь Лоцманаў кажа, што акцыя каля пасольства прайшла 
                      пасьпяхова:  
                    (Лоцманаў: ) «Тое, што тут адбывалася, мела вялікі розгалас 
                      ня толькі ў Польшчы, але і ў іншых краінах Эўразьвязу — 
                      да беларускага пытаньня была прыцягнутая вялікая ўвага». 
                    Спадар Лоцманаў кажа, што «Амбасада свабоднай Беларусі» 
                      — а менавіта так называлі намёты каля пасольства — не спыняе 
                      сваю дзейнасьць. Згарнуўшы намёты, актывісты Зьвязу пераехалі 
                      ў офіс у Варшаве, дзе быў адкрыты незалежны Беларускі інфармацыйны 
                      пункт.  
                    (Лоцманаў: ) «Сюды змогуць прыйсьці беларускія студэнты, 
                      іншыя грамадзяне Беларусі, атрымаць сьвежую інфармацыю зь 
                      Беларусі, інфармацыю, якой няма ў афіцыйных СМІ. Мы будзем 
                      дапамагаць выконваць стыпэндыяльную праграму для студэнтаў, 
                      дапамагаць, як можам».  
                    Памяшканьне для дзейнасьці пункту пагадзілася выдзеліць 
                      дэпутат Сэйму ад кіруючай партыі “Права і справядлівасьць” 
                      Малгажата Гасеўска.  
                    (Гасеўска: ) «Скажу так —– калісьці дапамагалі нам і цяпер 
                      мы адчуваем абавязак дапамагаць тым, у каго свабоды і дэмакратыі 
                      няма. Я была ў Беларусі і бачыла, як людзі там патрабуюць 
                      ня толькі нейкіх матэрыяльных рэчаў, але менавіта звычайнай 
                      свабоды».  
                    Ужо ў бліжэйшыя дні інфармацыйны пункт пачне працаваць 
                      у нармальным рэжыме — у працоўныя гадзіны тут можна будзе 
                      атрымаць інфармацыйныя матэрыялы, паразмаўляць з кансультантам. 
                     
                    Адрас беларускага інфармацыйнага пункту ў Варшаве: вуліца 
                      Вашынгтона, 30/36. 
                      
                    Аляксей Дзікавіцкі,  
                      Радыё Свабода 
                    
                     
                     
                     
                     
                     |