27 красавiка ў цэнтры Кіева на Міхайлаўскай 
                      плошчы адбылася акцыя салідарнасьці з удзельнікамі менскага 
                      «Чарнобыльскага шляху». 
                     У акцыі ўдзельнічалі каля двух дзясяткаў чалавек. Пачалася 
                      яна са своеасаблівага паўтору акцыі салідарнасьці 16 красавіка: 
                      маладыя людзі селі на зямлю ля помніка ахвярам галадамору 
                      і разгарнулі ўкраінскія газэты, у якіх былі замазаныя чорным 
                      маркерам цэлыя абзацы. Мінакам яны казалі, што менавіта 
                      так выглядае свабода слова ў Беларусі.  
                    Калі пачало цямнець, удзельнікі акцыі запалілі сьвечкі 
                      салідарнасьці. Адзін з арганізатараў акцыі Аляксандар Алфёраў 
                      сьцьвярджае: асноўнай мэтай было паказаць, што Чарнобыль 
                      — гэта ня толькі ўкраінская, але і беларуская праблема. 
                      Акрамя таго, беларускія ўлады дагэтуль ня вызналі сапраўдных 
                      памераў чарнобыльскае катастрофы.  
                    (Алфёраў: ) «Калі ўвесь цывілізаваны сьвет памятае пра 
                      чарнобыльскую катастрофу як пра агульначалавечую бяду, апошні 
                      генацыд у Савецкім Саюзе, калі яе вызнаюць ува ўсім сьвеце, 
                      у Беларусі наступствы Чарнобылю дагэтуль не прызнаныя. Людзям 
                      ня кажуць усёй праўды, селяць іх на забрудненых тэрыторыях. 
                      Сёньня ў Менску адбываецца «Чарнобыльскі шлях» і зь ім салідарнае 
                      мноства людзей, тут, у Кіеве, у Эўропе, ува ўсім сьвеце». 
                     
                    У акцыі ўдзельнічалі і беларусы, якія хаваюцца ў Кіеве 
                      ад перасьледу беларускае ўлады. Распавядае Юля, сябра гомельскага 
                      моладзевага цэнтру «Гарт»:  
                    (Юля: ) «Уражаньні ад акцыі засталіся вельмі станоўчыя, 
                      вельмі прыемна, што ўкраінцы падтрымліваюць нас маральна. 
                      Маральная падтрымка для нас сёньня — гэта галоўнае. Хачу 
                      падзякаваць ня толькі ўкраінцам, якія ладзяць такія акцыі 
                      тут, у Кіеве, але і тым, якія паехалі на «Чарнобыльскі шлях» 
                      у Менск і якіх сёньня затрымалі».  
                    Падчас акцыі стала вядома пра затрыманьне на мітынгу ў 
                      Менску ўкраінскіх актывістаў. Удзельнікі акцыі са сьмехам 
                      заўважылі, што гэта ня спыніць маладых украінцаў у іх жаданьні 
                      дапамагаць беларускім сябрам.  
                     
                      
                    Павло Зуб'юк 
                      Радыё Свабода 
                    
                     
                     
                     
                     
                     |