Напярэдадні ўсясьветнага дня свабоды друку 
                      — 3 траўня — амэрыканская арганізацыя «Freedom House» абнародавала 
                      свой штогадовы агляд становішча СМІ ў сьвеце. Паводле гэтага 
                      дасьледаваньня, Беларусь знаходзіцца на 185 месцы паводле 
                      ступені свабоды мэдыяў са 194-х дзяржаваў сьвету. 
                     Паводле аўтараў дакладу, сытуацыя ў галіне свабоды слова 
                      ў Беларусі застаецца вельмі кепскай, гэтак жа як у Экватарыяльнай 
                      Гвінэі, Эрытрэі і Зымбабвэ. Характэрнымі рысамі для гэтых 
                      краінаў зьяўляецца юрыдычны ціск, зьняволеньні і іншыя формы 
                      здушэньня свабоды слова, якія ўжываюць аўтарытарныя ўлады 
                      гэтых краінаў супраць незалежных мэдыяў.  
                    Значных зьменаў да горшага ў Беларусі экспэрты «Freedom 
                      House» не адзначаюць — бо паводле іх сытуацыя і раней была 
                      вельмі кепскай. Найбліжэйшая ў сьпісе да Беларусі эўрапейская 
                      краіна — гэта Расея, якая знаходзіцца ўсё ж на 158-м месцы, 
                      а Беларусь — на 185-м.  
                    Горш, чым у Беларусі, умовы для дзейнасьці свабодных мэдыяў, 
                      толькі ў такіх краінах, як Узбэкістан, Зымбабвэ, Эрытрэя, 
                      Бірма, Куба, Лібія, Туркмэністан і Паўночная Карэя.  
                    Паводле «Freedom House» становішча ў пяці апошніх краінах 
                      у параўнаньні зь мінулым годам яшчэ пагоршылася, незалежныя 
                      мэдыі ў іх фактычна адсутнічаюць як зьява.  
                    Экспэрты «Freedom House» паводле адмысловай мэтодыкі падлічваюць 
                      рэйтынгі свабоды друку і падзяляюць краіны на тры групы 
                      — свабодныя, часткова свабодныя і несвабодныя. Рэйтынг вар'юецца 
                      ад 0 — абсалютна свабодны друк да 100 — абсалютна несвабодны 
                      друк. Беларусь мае рэйтынг 88 і знаходзіцца сярод несвабодных 
                      краінаў.  
                    Найбольш свабодныя мэдыі маюць паводле дакладу Фінляндыі 
                      і Ісьляндыя — іх рэйтынгі роўныя 9. Дарэчы, Злучаныя Штаты 
                      паводле ацэнкі амэрыканскага цэнтру «Freedom House» знаходзяцца 
                      толькі на 17-м месцы з рэйтынгам 16.  
                    У дакладзе адзначаецца пагаршэньне становішча са свабодай 
                      друку ў шэрагу важных краінаў: у Азіі гэта Ўсходні Тымор, 
                      Нэпал, Філіпіны і Тайлянд, у Афрыцы — Уганда, Батсвана і 
                      Этыёпія, сярод краінаў былога СССР — Узбэкістан і Расея. 
                     
                    Выканаўчы дырэктар «Freedom House» Джэніфэр Віндзар гаворыць 
                      пра горкую іронію часу, паводле якой здушэньне расейскай 
                      свабоды слова адбываецца ў гадавіну Чарнобыльскай катастрофы, 
                      падзеі, якая надзвычай яскрава адлюстравала ступень свабоды 
                      слова ў СССР. 
                      
                     
                      Юры Дракахруст 
                      Радыё Свабода 
                     
                     
                     
                     
                     
                     |