Учора падчас пасяджэньня Генэральнай асамблеі 
                      Арганізацыі аб'яднаных нацыяў было абрана 47 членаў новай 
                      Рады ААН ў правох чалавека. Беларусі ў яе складзе няма. 
                     У сакавіку 2006 года было прынятае рашэньне аб замене 
                      ранейшай Камісіі ў правох чалавека Радай. Камісію часта 
                      крытыкавалі за тое, што ў яе склад уваходзяць прадстаўнікі 
                      краін, дзе парушаюцца правы чалавека, у прыватнасьці — Беларусі, 
                      Кітая, Зымбабвэ і Судана.  
                    Зь іншага боку, камісія нярэдка выступала з крытыкай становішча 
                      з правамі чалавека ў гэтых краінах. Напрыклад, тры апошнія 
                      гады камісія штогод прымала рэзалюцыі з рэзкай крытыкай 
                      сытуацыі ў Беларусі. У прыватнасьці, у леташняй рэзалюцыі 
                      камісіі «выказвалася заклапочанасьць у сувязі з магчымай 
                      датычнасьцю высокапастаўленых службовых асобаў Беларусі 
                      да зьнікненьня лідэраў апазыцыі і журналіста Зьмітра Завадзкага, 
                      занепакоенасьць працэсам арганізацыі і правядзеньня выбараў 
                      у Беларусі, адвольнымі арыштамі і затрыманьнямі, перасьледам 
                      і закрыцьцём няўрадавых арганізацыяў, незалежных мэдыяў 
                      і апазыцыйных палітычных партыяў».  
                    Дарэчы, тэкст менавіта гэтай рэзалюцыі камісіі ААН у правох 
                      чалавека спрабавала распаўсюдзіць чэскае пасольства ў Менску, 
                      што было расцэнена беларускімі ўладамі як распаўсюд прапагандысцкіх 
                      матэрыялаў.  
                    Зьмена фармату працы, ператварэньне Камісіі ў Раду ня надта 
                      паўплывала на зьмену яе складу. Агульным галасаваньнем генасамблеі 
                      ў яе былі ўключаныя Кітай, Пакістан, Саудаўская Аравія і 
                      Куба. З краін СНД сябрамі Рады сталі Азэрбайджан, Расея 
                      і Украіна. Армэнія і Грузія ня здолелі набраць неабходную 
                      колькасьць галасоў.  
                    Сябрамі Рады сталі Нямеччына, Францыя, Вялікабрытанія, 
                      Швайцарыя, Фінляндыя, а таксама Польшча, Чэхія, Румынія 
                      і Вугоршчына.  
                    Беларусь і ЗША не выносілі свае кандыдатуры на галасаваньне, 
                      хаця абедзьве яны ўваходзілі ў лік краін — сябраў камісіі. 
                     
                    Абраньне складу Рады ААН у правох чалавека мы папрасілі 
                      пракамэнтаваць палітоляга Андрэя Фёдарава:  
                    (Фёдараў: ) «Я мяркую, што Беларусь не падавала сваю кандыдатуру 
                      таму, што ведала папярэдні расклад, памятала рэзалюцыі ранейшай 
                      камісіі і ведала, што ня пройдзе. Злучаныя Штаты былі наагул 
                      супраць стварэньня гэтай Рады, таму яны і не спрабавалі 
                      стаць яе сябрам.  
                    Тое, што прайшлі такія краіны, як Расея, Куба, Саудаўская 
                      Арабія, Кітай — гэта даволі зразумела, краіны ўплывовыя, 
                      і шмат хто іх падтрымлівае часам з мэркантыльных меркаваньняў. 
                     
                    Тут, на мой погляд, галоўнае — гэта тое, хто наагул стаў 
                      сябрам Рады. Без краін, у якіх ёсьць праблемы з правамі 
                      чалавека, у любым выпадку не абышлося. Галоўнае — ці будзе 
                      перавага ў сапраўды дэмакратычных краін, калі справа ў Радзе 
                      будзе даходзіць да галасаваньня.  
                    На жаль, цяжка пагадзіцца зь меркаваньнем, што ператварэньне 
                      Камісіі ў Раду павялічыць уплыў на тыя краіны, дзе з правамі 
                      чалавека існуюць праблемы. Тут справа не ў большасьці галасоў, 
                      а ў наяўнасьці тых ці іншых рычагоў уплыву. Пакуль што, 
                      мне здаецца, простая зьмена фармату гэтых рычагоў не дадае». 
                      
                    Юры Дракахруст 
                      Радыё Свабода 
                       
                     
                     
                     |