Некалькі прадстаўнікоў моладзевай арганізацыі 
                      «Моладзь БНФ», а таксама так званыя «мобэры», якія ладзяць 
                      флэш-мобы на менскіх вуліцах, правялі некалькі акцый, прысьвечаных 
                      гадавіне рэфэрэндуму. 14 траўня 1995 году бел-чырвона-белыя 
                      сьцягі і герб «Пагоня» замянілі на новую атрыбутыку, якая 
                      прызнаная дзяржаўнай. Некалькі сотняў чалавек пасьля травеньскага 
                      рэфэрэндуму былі пакараныя арыштамі і штрафамі за спробу 
                      прайсьці з нацыянальнай сымболікай па гарадзкіх вуліцах. 
                     Каля паўсотні моладзевых актывістаў ладзілі талаку на 
                      Маскоўскіх і Вайсковых могілках. Яны прабралі і ўпрыгожылі 
                      кветкамі і бел-чырвона-белымі стужкамі магілы Ўладзімера 
                      Караткевіча, Васіля Быкава, Івана Чыгрынава, Міхаіла Ткачова. 
                     
                    Каля 20 сем’яў гулялі зь дзецьмі ў парку Горкага. Яны мелі 
                      значкі «За свабоду», бел-чырвона-белыя стужкі на вопратках. 
                      За імі ўвесь час сачылі супрацоўнікі спэцслужбаў і міліцыі. 
                      Яны трымалі ў руках чырвоных цукровых пеўнікаў, чым заслужылі 
                      шмат жартаў на свой конт з боку людзей. Людзі пасьля заканчэньня 
                      акцыі селі ў катэр і паплылі па Сьвіслачы. Дзеці трымалі 
                      бел-чырвона-белыя сьцяжкі.  
                    Некалькі юнакоў і дзяўчат у аўтобусах 100-га маршруту замацавалі 
                      бел-чырвона-белыя стужкі. Яны віншавалі пасажыраў з днём 
                      дзяржаўнага сьцяга. Людзі станоўча рэагавалі на віншаваньні. 
                      Толькі ў адным аўтобусе кандуктарка ўчыніла скандал: яна 
                      пагражала, што выклікае міліцыю, калі хлопцы не сыдуць. 
                     
                    Дзяўчаты замацавалі звонку на трох тралейбусах і трамваях 
                      бел-чырвона-белыя стужкі, якія ўпрыгожвалі грамадзкі транспарт 
                      некалькі гадзінаў. 
                      
                     
                      Любоў Лунёва 
                      Радыё Свабода 
                     
                     
                     
                     
                     
                     |