У Польшчы, дзе Дзень салідарнасьці зь сем’ямі
зьніклых палітыкаў і беларускімі дэмакратычнымі сіламі адзначаецца
ўжо восьмы раз, сёньня было вырашана сабрацца каб падсумаваць
вынікі працы, зробленай за гэты час — акрамя гэтага ў цэнтры
Варшавы з самога ранку зьявіўся на адзін дзень намёт, які
прастаяў паўтары месяцы насупраць беларускай амбасады.
Калі акцыя салідарнасьці адбывалася ў Варшаве ўпершыню
летась у восень, дык у ёй узялі ўдзел толькі некалькі дзясяткаў
чалавек, потым гэта ўжо былі сотні, а да сталіцы далучыліся
два дзясяткі польскіх гарадоў. На мітынгах прамаўлялі вядомыя
палітыкі, грамадзкія дзеячы. Антось Цялежнікаў, лідэр Зьвязу
на карысьць дэмакратыі ў Беларусі — галоўнага арганізатара
дзён салідарнасьці, кажа, што цяпер надышоў час падсумаваць
зробленае.
(Цялежнікаў: ) «Думаю, што прыйшоў час падсумаваць, што
мы зрабілі і адсюль рашэньне адзначыць дзень салідарнасьці
менавіта такім чынам — канцэртам і абмеркаваньнем. Тут намёт
наш стаіць, які быў каля амбасады. Зьбіраем подпісы пад
патрабаваньнем вызваліць палітвязьняў».
Прадстаўнікі Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі кажуць,
што за апошнія месяцы ўпэўніліся, што ў Польшчы добра разумеюць,
што такое салідарнасьць.
(Цялежнікаў: ) «Такіх акцыяў, як у Польшчы нідзе за мяжой
Беларусі не было. Палякі найлепш паказалі сябе, мы бачым,
што яны найлепш разумеюць, што такое салідарнасьць. Тыя
акцыі, што адбываліся ня толькі 16-га, але і ў іншыя дні,
як я мяркую, прынесьлі шмат карыснага для справы набліжэньня
свабоды і дэмакратыі ў Беларусі. Трэба працягваць працу,
бо перад намі, магчыма яшчэ даўжэйшы шлях, чым за намі».
На дзень салідарнасьці ў Варшаву запрошаны таксама беларускі
гурт ZET.
Аляксей Дзікавіцкі
Радыё Свабода
|