У Познані адбылося ўрачыстае адкрыцьцё 
                      беларускага Культурна-асьветніцкага цэнтру, які бясплатна 
                      атрымаў вялікае памяшканьне ад гарадзкіх уладаў у цэнтры 
                      гораду, а таксама друкарскія машыны. 
                     Беларускі культурна-асьветніцкі цэнтар існуе ўжо некалькі 
                      гадоў і займаецца ня толькі культурніцкімі праектамі, але 
                      арганізоўвае таксама палітычныя акцыі — сярод іншага акцыі 
                      салідарнасьці з дэмакратычнай Беларусьсю.  
                    У часе ўрачыстага адкрыцьця офісу цэнтру, бела-чырвона-белую 
                      стужку разам са старшынём арганізацыі Віталём Воранавым, 
                      перарэзаў намесьнік мэра Познані Мацей Франкевіч. У сваю 
                      чаргу, мэр гэтага горада Рышард Грабэльны заявіў нашаму 
                      радыё, што разьлічвае, што Беларусь у хуткім часе стане 
                      вольнай.  
                    (Грабэльны: ) «Калі глядзець у пэрспэктыву, дык пасьля 
                      ўсяго, што адбылося навокал Беларусі, гэтая краіна ня можа 
                      заставацца зьняволенай. Пытаньне толькі, колькі часу на 
                      гэта спатрэбіцца. Мы ў Польшчы перамаглі ў 1989 годзе, а 
                      змаганьне пачалося ў 1956-м».  
                    Паводле спадара Воранава, атрыманьне памяшканьня дапаможа 
                      сябрам беларускага цэнтру актывізаваць сваю працу.  
                    (Воранаў: ) «Гэта значна палепшыць нашую працу — будзе 
                      дзе зьбірацца, захоўваць кніжкі — дагэтуль гэта была праблема. 
                      Адзін зь першых нашых крокаў — гэта адкрыцьцё тут беларускай 
                      бібліятэкі імя Францішка Багушэвіча. Ёсьць ужо першыя фундатары 
                      кніжак».  
                    Акрамя памяшканьня, якое настолькі вялікае, што там плянуецца 
                      наладзіць сталую экспазыцыю беларускіх мастакоў, беларускі 
                      культурна-асьветніцкі цэнтар атрымаў таксама друкарскія 
                      машыны. Дарэчы, выданьне беларускіх кніжак — у бліжэйшых 
                      плянах Цэнтру.  
                    (Воранаў: ) «Мы плянуем сэрыю перакладаў дзіцячых кніжак 
                      на беларускую мову — гэта творы замежных аўтараў, якія ніколі 
                      не выдаваліся па-беларуску, ці выдаваліся малымі накладамі. 
                      Ужо рыхтуецца першая кніга сэрыі — «Віні Пух», якая павінна 
                      пабачыць сьвет у жніўні сёлета». 
                      
                    Аляксей Дзікавіцкі 
                      Радыё Свабода 
                    На фото: День соиладарности с Беларусью, Познань, 
                      16 февраля 2006 
                     
                     
                     
                     
                     |