На імшы папы Бэнэдыкта XVI прачытана малітва па-беларуску

26.05.2006

У Варшаве, на пляцы Пілсудзкага, адбылася ўрачыстая імша, якую служыў папа рымскі Бэнэдыкт XVI . На пляцы прысутнічалі сотні тысячаў чалавек, сярод якіх ад двух да трох тысячаў беларусаў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, гербамі сваіх гарадоў.

Беларусы былі добра заўважныя ў моры людзей. Іх прысутнасьць адзначаюць усе тэлеканалы.

Прыкладна аб 11:20 паводле менскага часу з папскага алтара была прачытаная малітва на беларускай мове. У малітве прагучаў заклік маліцца за свабоду і годнасьць людзей, чыя правы парушаюцца:

«Памятаючы пра тое, што людзі розных рас, нацыянальнасьцей і народаў зьяўляюцца адной сям’ёй, молімся за свабоду і пашану годнасьці кожнага чалавека, асабліва ў тых краінах, дзе парушаюцца і абмяжоўваюцца грамадзянскія правы — каб ніхто не цярпеў ад прымусу, дыскрымінацыі і прычыненай крыўды...»