М. Аўтуховіч адмовіўся ад шпіталізацыі

06.06.2006

Адвакатка Аўтуховіча Галіна Іванова сёньня даведалася, што Мікалая Аўтуховіча вазілі ў адзін з гарадзенскіх шпіталяў, абсьледавалі, але заставацца там ён адмовіўся. Мікалая Аўтуховіча прывезьлі назад у сьледчы ізалятар гарадзенскай турмы №1. Паводле адваката, ён працягвае галадоўку, якую абвясьціў яшчэ 13 красавіка, калі яго ўзялі пад варту.

Учора ў Кастрычніцкім раённым судзе Горадні не адбылося паседжаньне па крымінальнай справе прадпрымальніка. Судзьдзя Мікалай Рачынскі зачытаў даведку ад турэмнага мэдыка, у якой гаварылася, што падсудны Аўтуховіч ня можа ўдзельнічаць у працэсе з-за стану здароўя, і будзе шпіталізаваны. Дарэчы, наступнае паседжаньне суду прызначылі на 8 чэрвеня.

Мікалая Аўтуховіча абвінавачваюць у тым, што ён не заплаціў усіх падаткаў, і гэта пацягнула страты для бюджэту ў асабліва буйным памеры. Ён віны не прызнае, зазначае, што працаваў адкрыта, усю выручку ад работы таксовак у Ваўкавыску здаваў у банк. Яго абвінавачваюць, што ён не стварыў фірму таксі, а дзейнічаў па іншай схеме. Суму незаплачаных падаткаў яму налічылі, зыходзячы з таго, колькі яму неабходна было плаціць у выпадку, калі б ён стварыў такую фірму. Яму пагражае абмежаваньне свабоды альбо да сямі гадоў зьняволеньня й канфіскацыя маёмасьці.

 

Радыё Свабода