«Маладафронтаўцы», а таксама тыя, хто ім 
                      спачувае, цягам дзевяці дзён пратэставалі супраць перасьледу 
                      іх арганізацыі — «Малады Фронт», супраць утрыманьня пад 
                      вартай палітзьняволеных, а таксама высоўвалі лякальнае патрабаваньне: 
                      аднавіць на вучобе ў салігорскім ПТВ-72 свайго паплечніка 
                      Максіма Сяменчыка. Галадоўцы пайшлі насустрач просьбам сваіх 
                      бацькоў і грамадзкасьці ды пачынаюць прымаць ежу. Але дэкляруюць, 
                      што працягнуць барацьбу і падтрымку сваіх сяброў, якія надалей 
                      галадуюць у розных гарадох Беларусі. 
                     Больш за ўсіх з прынятага рашэньня шчасьлівая маці непаўнагадовых 
                      галадоўнікаў Ільлі ды Івана Шылаў Сьвятлана Шыла:  
                    (Шыла: ) «Я ганаруся сынамі, і мяркую, што ў будучыні, 
                      канешне, гэта ўсё ацэніцца, але ня зараз. Яны б такія не 
                      вырасьлі, калі б у нас з бацькам былі іншыя погляды. Яны 
                      свабодалюбівыя, разумееце?» 
                    Перад выхадам з галадоўкі ўдзельнікі далі свае ацэнкі акцыі, 
                      у якой бралі ўдзел.  
                    Уладзімер Лемеш, АГП:  
                    (Лемеш: ) «У першую чаргу, я ацаніў свае сілы, на што рэальна 
                      здольны». 
                    Іван Шыла, «Малады Фронт»:  
                    (Шыла: ) «Я лічу, што гэтая галадоўка недарэмная, бо мы 
                      добра прадэманстравалі сваю грамадзкую пазыцыю. І яшчэ раз 
                      пабачылі, як дзяржава дэманструе сваю пазыцыю да простых 
                      грамадзянаў: нават тое, што тут непаўналетнія галадавалі 
                      — ім усё роўна. Ніякіх крокаў з боку ўладаў мы не пабачылі». 
                     
                    Павал Батуеў, партыя БНФ:  
                    (Батуеў: ) «Мы тут добра пасябравалі. Мы прачыталі шмат 
                      кніжак, і прыцягнулі ўвагу да праблемаў рэпрэсіяў канкрэтна 
                      тут у Салігорску. На жаль, мы ня здолелі прыпыніць гэтую 
                      праблему цалкам. Але ў гэтай дзяржаве гэта такімі сродкамі, 
                      як галадоўка, ня вырашыш».  
                    Ільля Шыла, «Малады Фронт»:  
                    (Шыла: ) «Першыя тры дні было цяжка маральна — тое, што 
                      галадоўка. А потым было нармалёва, мы звыкліся з гэтым. 
                      Чыталі кніжкі, у нас быў інтэрнэт…» 
                    Сяржук Пацкевіч, «Малады Фронт»:  
                    (Пацкевіч: ) «Я быў бы рады, каб такія акцыі працягваліся 
                      ўвесь час. Але гэтая галадоўка — толькі пачатак. Ува мне 
                      яшчэ больш бунту зьявілася — прадэманстраваць уладам, што 
                      моладзь супраць. Калі празь які месяц пачнецца штосьці падобнае, 
                      я падтрымаю».  
                    Усе ўдзельнікі салігорскай галадоўкі падкрэсьлілі, што 
                      будуць працягваць адстойваць свае патрабаваньні, і падтрымліваць 
                      сваіх сяброў, якія галадуюць у іншых гарадох Беларусі.  
                      
                    Севярын Квяткоўскі 
                      Радыё Свабода 
                    
                     
                     
                     
                     
                     |